Навіны

Кіраўніцтва Берасцейскага аблвыканкама сустрэлася з «палітыкамі Еўразвязу»

Сярод 4 гасцей ёсць паляк, які мае спрэчныя погляды на Халакост і станоўча выказваўся аб педафіліі
2 лістапада 2026 ў Берасці абласное кіраўніцтва сустрэлася з «чатырма палітыкамі Еўразвязу». Пра гэта паведаміла дзяржаўнае выданне «Брестский вестник», а таксама сам аблвыканкам. Нідзе не называліся імёны, але мы высветлілі іх па фота. Так бачна, што з візітам прыехаў у тым ліку Януш Корвін-Мікке. Гэта паляк, прадстаўнік скрайне правых поглядаў. За яго выказванні з апраўданнем педафіліі яго нават выгналі з уласнай партыі, названай яго імём (KORWiN).

Што важна для разумення асобы Корвіна-Мікке, дык гэта што ён даўно і сістэматычна пазітыўна выказваўся пра педафілію. Прывядзем некалькі яго цытат на гэты конт:
«Лёгкая педафілія не шкодзіць грамадству».
ці
«Я супраць таго, каб зазіралі ў камп'ютар людзям, ці ёсць у іх там дзіцячая парнаграфія ці нешта іншае. Не, на сваім камп'ютары магу мець што захачу».
(пераклады Берасцейскай Вясны з польскай)

Нават перад польскім парламентам Корвін-Мікке казаў, што ўзрост згоды мусіць вырашаць «прырода і бацькі, а не ўлады». Ён тлумачыў: калі ў 12 ці 13 гадоў пайшлі месячныя, дзіця ўжо можа быць гатовае да палавога жыцця. Пасля менавіта гэтых выказванняў у 2023 годзе яго выключылі з уласнай партыі.

Яшчэ Корвін-Мікке скептычна выказваўся наконт Халакосту. Напрыклад, нібы няма доказаў, што Гітлер ведаў пра знішчэнне габрэяў.

Таксама адметна, што Корвін-Мікке заўзее за Расею ў вайне (падтрымаў анэксію Крыма яшчэ ў 2014 годзе), ў 2022 годзе казаў што Расея «абараняецца».
А ў Беларусь Корвін-Мікке цяпер прыехаў, як тлумачаць дзяржвыданне і аблвыканкам, дзеля менскай «4-й Еўразійскай канферэнцыі па бяспецы» як «эксперт». Зазірнуўшы ў Берасце на сустрэчу з вышэйшым кіраўніцтвам вобласці.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-11-02 18:46