Навіны

Чарнобыльскі шлях у Варшаве

Акцыя ў Варшаве, 26.04.2026. Фота: Берасцейская Вясна
26 красавіка 2026 у Варшаве прайшоў «Чарнобыльскі шлях» — штогадовы марш у памяць пра катастрофу на ЧАЭС. У гэтым годзе ён быў прымеркаваны да 40-х угодкаў трагедыі і праходзіў за мяжой. Варшаўскі марш сабраў больш за 100 чалавек. Удзельнікі сабраліся ля помніка Мікалаю Каперніку, адкуль рушылі да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.

Акцыя прайшла пад лозунгам «За незалежную бяз'ядзерную Беларусь».

40 гадоў таму Беларусь пацярпела ад выбуху больш за ўсё, і нават цяпер, па выказваннях выступоўцаў, рызыкі не зніклі. Удзельнікаў маршу выступілі супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, супраць будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі і за незалежную і бяз'ядзерную будучыню краіны.

Проч таго, была праяўлена салідарнасць з палітвязнямі. На вялікіх плакатах былі напісаны прозвішчы Уладзіміра Гундара, Любові Рэзановіч і іншых.

Сярод прамоўцаў — вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы, якія падкрэслілі сувязь паміж трагедыяй мінулага і пагрозамі сучаснасці. Гэта Павел Латушка — намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, Франак Вячорка — дарадца Святланы Ціханоўскай, ксёндз Вячаслаў Барок, Вячаслаў Сіўчык — лідар Руху салідарнасці «Разам», адзін з арганізатараў, доктар паліталогіі Павел Усаў, былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, Аляксей Дзікавіцкі — прадстаўнік Рады БНР.

Мітынг распачаўся з выканання гімнаў Беларусі, Украіны і Польшчы. Удзельнікі трымалі транспаранты супраць ядзернай зброі і партрэты палітычных зняволеных, бо акцыя сімвалічна аб'яднала памяць пра Чарнобыль і салідарнасць з тымі, хто застаўся ў зняволенні.
Made on
Tilda