Навіны

Беларусы перадалі ў канцэлярыю прэзідэнта Польшчы зварот

З патрабаваннямі жорсткай рэакцыі ў выпадку, калі беларускія ўлады не адпусцяць палітвязняў першай чаргі
Алег Паўлаў і Алена Талстая. Варшава, 15.03.2023. Крыніца: берасцейская «Вясна»
15 сакавіка 2023 года сустаршыня Руху Салідарнасці «Разам» Алена Талстая і сябра партыі «Народная грамада» Алег Паўлаў здалі зварот беларусаў у канцэлярыю прэзідэнта Польшчы. Зварот быў прыняты 5 сакавіка на мітынгу ля помніка Каперніку ў Варшаве.

У звароце да польскага прэзідэнта Анджэя Дуды беларусы прапануюць, каб Польшча патрабавала вызвалення шэраг беларускіх палітвязняў найбліжэйшым часам, у першую чаргу. У такі спіс, паводле аўтараў звароту, мусяць быць уключаны лідары грамадзянскай супольнасці (9), усе палітзняволеныя жанчыны (192), журналісты (32), праваабаронцы (12), пенсіянеры (25), палітвязні з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі (74), а таксама ўсе непаўнагадовыя (6). У выпадку адсутнасці саступак ад беларускіх улад, ініцыятары звароты прапануюць уводзіць новыя санкцыі.

На працягу месяца, як сказалі ў канцэлярыі польскага прэзідэнта, на зварот будзе дадзены адказ.
Тэкст звароту беларусаў да польскага прэзідэнта. Крыніца: берасцейская «Вясна»
Цалкам зварот гучыць наступным чынам (заўв. арыгінал звароту складзены па-польску, пераклад берасцейскай «Вясны»):
«Паважаны спадар Прэзідэнт,

Мы, грамадзяне Беларусі, якія былі вымушаны пакінуць уласную Радзіму з прычыны палітычных рэпрэсій і палітыкі тэрору ў Беларусі, вельмі ўдзячныя польскім уладам і Спадару за тое, што Польшча стала нашым другім домам, дзе ў нас ёсць магчымасць легальна пражываць, атрымліваць адукацыю і працаваць.

Вельмі цэнім ваш падыход да будучых стасункаў паміж Польшчай і Беларуссю як добрасуседскіх стасункаў двух незалежных краін, паколькі такой будучыні жадае і беларускі народ.

Аднак у нас, беларусаў, даўно адабралі права выбіраць сваю уладу, што ў чарговы раз адбылося ў 2020 годзе на вачах усяго свету. Бягучыя беларускія ўлады, незаконныя і ўзурпатарскія, выступаюць супраць еўрапейскіх каштоўнасцей, трымаюць ў зняволенні тысячы палітвязняў, катуюць і нават забіваюць сваіх палітычных апанентаў. Так званыя "беларускія ўлады" бессаромна кажуць, што галоўнай іх мэтай з'яўляецца знішчэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, тым самым дэманструюць сваё пагардлівае стаўленне да законаў і паказваюць, што яны служаць імперыялістычнай Расеі.

Фактычна можна казаць пра вяртанне ў Беларусь сталінскіх часоў, што пацвярждаецца кожным чарговым актам тэрору і палітычных рэпрэсій, сярод якіх нядаўнія незаконныя прысуды аднаму з лідараў Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту, якога асудзілі да 8 год зняволення, а таксама лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 год пазбаўлення волі.

Для нас з'яўляецца абсалютна відавочным, што рэпрэсіі ў Беларусі ў 2020 годзе, надзвычайныя для еўрапейскага кантыненту, мелі сваёй мэтай "ачышчэнне" нашай краіны ад "непажаданых элементаў" напярэдадні ўварвання расейскіх войск ва Ўкраіну. Рэпрэсіі працягваюцца па сённяшні дзень пры падтрымцы нелегітымнага рэжыму з боку імперыялістычнай Масквы.

Мы — ўдзельнікі варшаўскай акцыі салідарнасці з лідарамі беларускай апазіцыі Мікалаем Статкевічам і Паўлам Севярынцам — звяртаемся да спадара Прэзідэнта з просьбай распачаць стварэнне спісу беларускіх палітычных зняволеных, якія мусяць быць вызваленымі ў першую чаргу. Наступствам адмовы ўзурпатарскім рэжымам Беларусі ад вызвалення палітвязняў мусяць быць грунтоўныя санкцыі супраць банды, якая да сёння трымае кантроль над Беларуссю, а таксама працягвае мець досыць шырокія гандлёвыя стасункі як з краінамі Еўразвязу, так і з краінамі партнэрамі ЕЗ.

На нашу думку, узгаданы вышэй спіс мусіць пачынацца імёнамі лідараў беларускай апазіцыі і грамадскіх лідараў, якія ў сваёй палітычнай і грамадскай дзейнасці заўсёды кіраваліся інтарэсамі беларускага народу, садзейнічалі дэмакратычным еўрапейскім каштоўнасцям, супраціўляліся беззаконню беларускага рэжыму і імперыялітычнай палітыке Крамля. Гэта наступныя асобы: Алесь Бяляцкі, Анджэй Пачобут, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Яўген Афнагель, Генадзь Драздоў, Максім Вінярскі, Генадзь Фядыніч.

Акрамя таго, у спіс мусяць уваходзіць усе палітзняволеныя жанчыны (192 асобы згодна з інфармацыяй "Dissidentby"), сярод якіх сабліва вылучаюцца гераізмам Анжаліка Борыс і Паліна Шарэнда-Панасюк, усе журналісты (32 асобы згодна з інфармацыяй Беларускай Асацыацыі Журналістаў), усе беларускія праваабаронцы (12 чалавек згодна з інфармацыяй арганізацыі "Вясна"), пенсіянеры (25 асоб згодна з інфармацыяй арганізацыі "Вясна"), палітвязні з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі (74 чалавека згодна з інфармацыяй арганізацыі "Вясна"), а таксама ўсе непаўнагадовыя (6 асоб згодна з інфармацыяй "Dissidentby"). Актуальнасць прадстаўленых дадзеных на момант: спісы "Dissidentby" ад 04.03.2023, спіс арганізацыі "Вясна" ад 07.01.2023, спіс Беларускай Асацыацыі Журналістаў ад 04.03.2023.

Заклікаем спадара Прэзідэнта звярнуць увагу на наш пастулат аб звальненні ўсіх беларускіх палітычных зняволеных.

Стварэнне спісу беларускіх палітвязняў, якіх належыць вызваліць неадкладна, дазволіць не толькі распачаць працэс спынення палітычнага тэрору ў Беларусі, але і будзе спрыяць супрацьдзеянню абаронцаў беларускага і расейскага рэжымаў, якія даволі паспяхова блакавалі і працягваюць блакаваць увядзення санкцый за акты тэрору і палітычных рэпрэсій у дачыненні да беларускіх грамадзян.

Прынята на мітынгу пад помнікам Каперніку,

Варшава,

05.03.2023»

Made on
Tilda