«Бярозабудматэрыялы» бярэ для сваёй вытворчасці сыравіну з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны
Прадпрыемства «Бярозабудматэрыялы», што дзейнічае ў Бярозе (Берацейская вобласць), прынамсі з 2025 года атрымоўвае каалін (белую гліну) з акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці Ўкраіны. Гэты ж матэрыял у большых аб'ёмах атрымоўвае і «Керамін». Пра гэта паведамляе выданне Укрінформ са спасылкай на дадзеныя ад BelPol.
Асноўным уласнікам «Бярозабудматэрыялаў» з'яўляецца беларуская дзяржава (каля 98% акцый). Прадпрыемства прадае сваю прадукцыю пад брэндам Beryoza Ceramica. Як вынікае з сайта завода, большасць сваёй вытворчасці (больш за 80%) яны экспартуюць (ў Расію, Малдову, Казахстан, Азербайджан, Кыргызстан, Туркменістан і іншыя).
Таксама, як адзначае Укрінформ, з атрыманых дакументаў бачна, што беларускае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва прасіла Расею даць у арэнду радовішчы кааліну на яшчэ не захопленых тэрыторыях. Там гаворка вялася пра канкрэтнае радовішча, якое Расея дагэтуль не змагла захапіць.