Дэсантніка з Берасця асудзілі па палітычнай крыміналцы
16 студзеня 2026 года ў «спіс экстрэмістаў» дадалі 29-гадовага Максіма Дударгу. МУС у спісе адзначыў, што мужчыну асудзіў Берасцейскі абласны суд па ч.1, ч.2 арт.361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Нагадаем, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачванні ў «экстрэмізме» для цэнзуры ды пераследу за іншадумства.
Як высветліла Наша Ніва, гаворка пра ўраджэнца Лунінца, які ўсё сваё дарослае жыццё прысвяціў спорту і вайсковай службе. Ён бегаў марафоны і паўмарафоны ў складзе клуба «Вікторыя», удзельнічаў у велапрабегах клуба «ВелоБрест».
Таксама, як даведаліся журналісты, Дударга служыў у 38‑й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Берасці. У лютым 2020 года дзяржаўныя медыі пісалі пра яго: «гвардыі старшы лейтэнант Дударга стаў найлепшым камандзірам дэсантнага ўзвода сіл спецыяльных аперацый па выніках спаборніцтваў па палявой вывучцы». Пазней даслужыўся да капітана. Незразумела, ці заставаўся ён на ваеннай службе пасля, ці звольніўся.
Мяркуючы па артыкулу, Дударгу маглі асудзіць за перадачу інфармацыі незалежным медыя альбо ў «Беларускі Гаюн». Але дакладна сутнасць справы невядомая.
МУС у спісе адзначыў, што Дударга «адбывае пакаранне». Гэта азначае, што яму прысудзілі альбо «хімію», альбо калонію.