Навіны

Беларусы Варшавы падтрымалі служыцеляў хрысціянскіх канфесій

Якія ў Беларусі за кратамі
20 красавіка 2025, калі хрысціяне ўсяго свету адзначалі Вялікдзень, беларусы варшаўскай дыяспары выйшлі ў цэнтр польскай сталіцы, каб выказаць салідарнасць з ксяндзамі-«экстрэмістамі» і святарамі-«тэрарыстамі». Паводле арганізатара акцыі Васіля Плешкунова, толькі ў Беларусі ксяндзы і святары мусяць прымаць пакуты за сумленнасць як у біблейскія часы.

Прысуды бязглуздыя і здзеклівыя: каталіцкі святар Генрых Акалатовіч адбывае 11 гадоў — «Здрада дзяржаве», прапаведнік Мікалай Хіла асуджаны на 4 гады — «экстрэміст», ксёндз Анджэй Юхневіч чакае суда з цяжкімі абвінавачваннямі, праваслаўны святар Аляксандр Кухта — «удзельнік экстрэмісцкага фармавання».

Пераслед і рэлігійныя рэпрэсіі да нелаяльных - яшчэ адзін клопат захапіўшых уладу. У краіне "роўнасці і братэрства" стаўленне і да святара, і да прыхаджанаў аднолькавае: як да быдла. Амаль усіх яднае артыкул 342 Крымінальнага кодэкса РБ (Арганізацыя або ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

«У свята Вялікадня — уваскрашэння збаўцы — мы выходзім, бо хочам збаўлення свайму народу. Хай набліжаецца наш Вялікі дзень — вызвалення ад зла», — сказаў да прысутных на акцыі Васіль Плешкуноў.
Made on
Tilda