Навіны

У вышук дадалі экс-палітвязняў і трох людзей, звязаных з журналісцкай сферай

Усіх шукаюць па-за межамі краіны
Мы прааналізавалі апошнюю версію базы вышука РФ. І знайшлі там некалькі новых імёнаў людзей з Берасцейскай вобласці, якіх шукаюць па ініцыятыве беларускіх уладаў.

Гэта пінчук Сяргей Ляжэнка — былы палітвязень, цалкам адбыў тэрмін (6 гадоў) за пінскія пратэсты 2020 года. Тым не менш, УУС Берасцейскага аблвыканкама зноў яго шукае. Відаць, па новай палітычнай справе.

Таксама з'явілася імя Юлі Лаптановіч — экс-палітзняволенай з Пружаншчыны. Яна цалкам адбыла тэрмін, і выехала за мяжу. Яе вышук таксама ініцыявала УУС Берасцейскага аблвыканкама. Найверагодней, па новай рэпрэсіўнай справе.

У вышук трапіў і журналіст «Белсата» Аляксандр Баразенка. Ён ураджэнец Пінска.

Аналагічным чынам шукаюць журналістку Алу Шарко, ўраджэнку Берасця. Ала таксама з'яўляецца экс-палітзняволенай — яна была ў СІЗА паўгады, да жніўня 2021 года. На момант таго затрымання была праграмнай дырэктаркай Прэс-клуба.

Таксама ў вышуку Дар'я Глухава з Берасця. Пра яе вядома, што беларускія ўлады лічаць яе датычнай да праекта «MediaIQ» (праект Прэс-клуба).

Адметна, што ўсе трапілі ў вышук РФ пасля траўня 2026 (менавіта тады было апошняе абнаўленне базы Медыязоны з беларусамі, якіх шукаюць у Расеі).

Варта адзначыць, што калі беларускія ўлады выкарыстоўваюць міжнародны вышук для палітычнага пераследу сваіх грамадзян за межамі краіны, гэта з'яўляецца адной з форм транснацыянальных рэпрэсій.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна

Абноўлена 14.08.2026 12:07: дададзена імя Юліі Лаптановіч.
2026-08-14 09:51