Навіны

На беларускай мытні патрабавалі ў фермера тэлефон, які тры месяцы таму забралі

Беларускія мытнікі не маглі паверыць, што фермер з Драгічына Уладзімір Казека ездзіў у Польшчу без тэлефона ў пачатку жніўня-2023. Падрабязнасці гісторыі вядомыя берасцейскай «Вясне» са сваіх крыніц.

Калі Казеку затрымалі на асабістую праверку, сяржант адразу запатрабаваў тэлефон. Казека сказаў, што тэлефона ў яго няма. Той здзівіўся і не паверыў, выклікаў старэйшага па званню, які сказаў, што мужчына сядзе на 15 сутак, калі ў яго знойдуць тэлефон. Уладзімір сказаў: «Шукайце». Абшукаўшы і не знайшоўшы тэлефона, здзіўленыя работнікі выклікалі цэлага падпалкоўніка. Той адразу запатрабаваў выдаць тэлефон па-добраму, каб не было непрыемнасцяў. Але Уладзімір Казека спакойна адказаў: «Няма. Я іх не накупляюся. У мяне яшчэ у траўні тэлефон быў канфіскаваны». Праз хвілін 40 фермера адпусцілі, так да канца не паверыўшы, што тэлефона ў яго не было сапраўды.

Нагадаем, што ў траўні, калі Казека таксама вяртаўся з Польшчы, яго затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія каналы» у тэлефоне. Тады яго праз суд пакаралі тройчы арыштам на розныя тэрміны. За час адсідак (43 дні запар) загінуў ураджай і зніклі 30 вулляў пчол. Фермер застаўся толькі з доўгам у 10 тысяч долараў.
2023-08-15 18:35