Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч даў першае інтэрв'ю
Галоўнае
13 снежня 2025 беларускія ўлады выслалі з краіны больш за 100 беларусаў-палітвязняў. Большую частку адправілі ва Украіну. Сярод высланых ёсць праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч. У Беларусі раней яму далі 7 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць.
14 снежня ва Украіне прайшла прэс-канферэнцыя часткі з высланых. Сярод іх быў Лабковіч. Праваабаронца распавёў пра тое, каму зрабіў першы званок на волі, ў які момант даведаўся пра высылку ва Украіну. А яшчэ пра бліжэйшыя планы — і пра стаўленне да беларускіх добраахвотнікаў.
Вызвалены без пашпарту
Сярод першых пытанняў Лабковіч расказаў, што з беларускай калоніі яго вызвалілі без пашпарту. Далі толькі даведку, дзе сказана, што яго вызвалілі і пералічаны пашпартныя дадзеныя.
Праваабаронца падзякаваў украінскім уладам, што яго (і іншых вызваленых) прынялі без дакументаў — без пашпартоў.
Першы званок па вызваленні
На пытанне, каму зрабілі першыя званкі пасля вызвалення, праваабаронца «Вясны» распавёў:
— Напэўна, жонка будзе сварыцца, але першай патэлефанаваў не ёй. Першаму я пазваніў Бяляцкаму, які сказаў: «5 гадоў адпачылі, зараз трэба працаваць». — Другой пазваніў жонцы. І пагаварыў з дзецьмі, гэта быў вельмі хвалюючы момант. Я апошні раз бачыў дачку, калі ёй было толькі 13 гадоў. Я ні разу не бачыў яе за ўвесь гэты час. Толькі меў некалькі фотаздымкаў, якія мне прыходзілі. А ёё праз тыдзень 18 [гадоў]. І гэта цяжкі і хвалюючы для мяне момант.
Планы
Пра канкрэтныя планы на бліжэйшы час праваабаронца сёння расказаў:
— Я ведаў, што калі мяне раптам калісьці вызваляць, то ўсе мае запісы (у тым ліку кантакты, тэлефоны) знікнуць. Таму ў першую чаргу, калі мне дадуць тэлефон — у мяне з дзясятак тэлефонных нумароў у галаве, і мне трэба тэрмінова пазваніць родным і сваякам тых, хто яшчэ ТАМ. Гэта проста тое, што мне трэба зрабіць неадкладна, як мага хутчэй.
— А другое — гэта сям'я, дзеці. Я атрымаў ад жонкі ліст, апошні, і аказваецца, што нашыя малыя хлопчыкі яшчэ вераць у Санта-Клауса. Таму трэба іх не падвесці.
Апошнія словы Уладзі Лабковіч казаў са ўсмешкай на твары.
У адказе на іншае пытанне журналістаў адзначыў, што працягне займацца праваабаронай:
— [Сёння] зранку я адчуў сорам, бо прачнуўся, было так цёпленька на матрасе, які я не бачыў ужо вельмі даўно. І такі клопат вакол мяне. І я проста злавіў сябе на думцы, што адбываецца з усімі тымі, праз што я праз вельмі многае прайшоў, якія засталіся ТАМ. Так што сапраўды самае важнае для нас усіх — каб як мага хутчэй ЯНЫ змаглі правесці гэтую прэс-канферэнцыю.
— І вельмі важны момант, пра які мы не павінны забывацца — што ўвесь гэты працэс мусіць быць спынены. Трэба дамагчыся, каб увогуле пагрозы з'яўлення новых палітвязняў у Беларусі не было. Таму што гэты працэс можа стаць бясконцым. Мы зараз вызвалім 1000, 2000, 3000, і вось на сайце Вясны можна будзе закрыць рубрыку палітвязняў Беларусі — а праз паўгадзіны зноўку адкрыць, бо з'явіліся новыя.
Пра "турнэ" — і вызваленне
Было ад журналістаў пытанне, ў які момант Лабковіч даведаўся, што яго вязуць ва Украіну — і што гэта не звычайны «этап» (у іншае месца няволі). Праваабаронца адказаў:
«Я ўвогуле не ведаў, што я буду вызвалены. За амаль 5 гадоў майго пазбаўлення волі я шмат якія месцы змяніў. У мяне, напэўна, было з вялікіх такіх "турнэ". Мне казалі: ты ж праваабаронца, ты павінен паглядзець на ўсё. І мяне пакаталі па розных турмах, і я сапраўды на ўсё паглядзеў. І я думаў, што гэта чарговая такая паездка, чарговае "турнэ". Мяне ўжо так вазілі ў машыне, дзе я не мог нічога бачыць, у верасні 2025 года з магілёўскай турмы ў СІЗА КДБ. Таму я падумаў, што гэта чарговая паездка туды.
Але ж калі я пабачыў, што мы ездем доўга, тады ўпершыню з'явілася надзея. Потым калі ў аўтобусе нам зрабілі лягчэйшымі рухі, я пабачыў чалавека ў грамадзянскай вопратцы, які нас здымаў на тэлефон. І ён увесь час так казаў: "Почему вы не улыбаетесь? Почему не улыбаетесь?" А я падумаў, што яны зусім ужо абнаглелі. Яны ітак столькі нас здымалі, навошта яшчэ рабіць клаўнаду і яшчэ нас здымаць.
І стала бачна, што чалавек таксама неяк разгубіўся: ён хацеў ад нас нейкіх пазітыўных эмоцый, а ўсе такія злыя на яго глядзелі. А аказалася, што гэта ўжо супрацоўнік украінскага боку, які аказвае нам усю дапамогу. І неяк нават перад ім сорамна стала, што яго не прывіталі, нічога. І толькі калі я пабачыў на будынку герб Украіны, я зразумеў, што гэта Украіна».
Пра вайну
Падчас прэс-канферэнцыі ва Украіне ўсім прысутным было зададзена пытанне, што яны хацелі б сказаць беларускім добраахвотнікам, што ваююць на баку Украіны. Лабковіча выказаўся:
— Я вельмі бы хацеў, каб вайна скончылася ўчора, пазаўчора. Яна мусіць скончыцца і як мага хутчэй. Бо гэта не тое, чым людзі мусяць займацца ні ў 21-м стагоддзі, ні ў іншых стагоддзях. Гэта недапушчальная рэч, і яна павінна быць скончаная. Беларускіх добраахвотнікаў я не буду ацэньваць, бо гэта праўда маральны выбар, як вельмі слушна было сказана. Я пажадаю ім толькі застацца жывымі.
Пасля некалькіх пытанняў калег, іншы украінскіх журналіст вярнуўся да пытання, як вызваленыя ставяцца да беларускіх добраахвотнікаў. І паспрабаваў увесці ў кантэкст, апісаўшы што адбывалася напачатку вайны непадалёк ад месца, дзе праходзіла прэс-канферэнцыя. Журналіст нагадаў, што расейскія вайскоўцы садзілі грамадзянскае насельніцтва ў падвалы, а самі ў той час займаліся рабаваннем дамоў (забіраючы нават такія дробязі, як майткі і станікі).
Тады Лабковіч (пасля Бабарыкі, Калеснікавай і Фядуты) адказаў наступнае:
— Хачу падкрэсліць, што ўсе ваенныя злачынствы мусяць быць расследваныя, вінаватыя пакараныя. Чалавецтва, якое рабіла шмат памылак у сваёй гісторыі, ўвязваючы ў войны, аформіла пэўныя міжнародныя нарматыўныя акты. І таму любы злачынец, які здзяйсняў пад час вайны злачынства, мусіць быць пакараны.
Пасля гэтага ўкраінскі журналіст спытаў, ці падтрымлівае Лабковіч беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Правабаронца адказаў:
— Я безумоўна разумею выбар беларускіх добраахвотнікаў. Мне зразумела, якімі пачуццямі яны карыстаюцца. І я вельмі-вельмі спадзяюся, што ніхто з іх не загіне. І я вельмі спадзяюся, што гэта вайна скончыцца як мага хутчэй.
Далей Вадзім Кабанчук патлумачыў Лабковічу і іншым вызваленым, што ўжо ёсць загінулыя беларускія добраахвотнікі. З тых беларусаў, што ваяявалі за Украіну, ўжо больш за 80 ахвяр.
Праваабаронца Уладзь Лабковіч быў затрыманы ў Беларусі летам 2021 года. Яго асудзілі за дапамогу рэпрэсаваным да 7 гадоў калоніі. За кратамі ён правёў амаль чатыры з паловай гады.