Навіны

У Берасці «Русский дом» зладзіў тэст для моладзі

У пытанні пра Другую сусветную вайну дадалі ўкрапіны пра «СВО» — ды «ўзяццё» савецкімі войскамі Венгрыі ў 1956 годзе
ЗМЕСТ:

24-25 красавіка 2026 у некаторых гарадах Беларусі адбыўся тэст пад назвай «Диктант Победы». Гэта ідэалагічнае мерапрыемства праводзіць расейская партыя «Единая Россия» як на тэрыторыі Расеі, так і за яе межамі. У Беларусі ўдзел прымалі студэнты, кадэты, вайскоўцы і школьнікі. У беларускіх крыніцах ў асноўным гаворыцца, што тэст накіраваны на ўшанаванне памяці «Вялікай Айчыннай вайны».

Мы змаглі атрымаць доступ да пытанняў, якія задаваліся на тэсце (ў яго анлайн-версіі — для беларускай аўдыторыі, апроч гэтых, былі дадатковыя пытанні). І вось што там знайшлі.

«Вызваленне Будапешта ў 1956 годзе»

Адно пытанне прысвечана таму, за якія заслугі атрымаў 4-ю ўзнагароду «Героя СССР» генерал Георгій Жукаў. У пытанні прама гаворыцца, што афіцыйная нагода для ўзнагароды была 60-годдзе Жукава, але насамрэч яе далі «ў 1956 годзе за ўзяццё (вызваленне) еўрапейскай сталіцы». Удзельнікам тэста прапаноўвалася даць адказ, якую менавіта сталіцу «вызвалілі».
Пытанне з тэста «Диктант победы 2026»
Пад «узяццём-вызваленнем» маюцца на ўвазе падзеі, якія адбываліся напрыканцы 1956 года ў Венгрыі (там была камуністычная ўлада звязаная з СССР, венгры выйшлі на пратэсты з патрабаваннямі сумленных выбараў і пазбаўлення ад ўлады замежнікаў — СССР увёў савецкія танкі ды войскі і брутальна задушыў паўстанне).

«ДНР, СВО, дважды герой РФ за СВО»

Таксама мы знайшлі некалькі пытанняў, дзе прыводзіцца расейскі погляд на захопніцкую вайну Расеі супраць Украіны. Прычым гэтыя пытанні дакладна можна было сфармуляваць без узгадвання cучасных нападніцкіх войн РФ, але аўтары пытанняў вырашылі прывязаць іх да Другой сусветнай вайны (магчыма, каб апраўдаць сённяшнія захопніцкія дзеянні расейскай арміі).

Так, пытанне пра савецкага лётчыка Барыса Сафонава чамусьці пачынаецца з гісторыі... расейскага вайскоўца Міхаіла Гудкова (1983-2025 гг.). Пра Гудкова распавядаецца, што ён двойчы атрымаў званне Героя Расеі, абодва разы — за «участие в Специальной военной операции» (то бок за ўдзел у вайне Расеі супраць Украіны). Да тэкста пытання далучана паштовая марка РФ з выявай гэтага Гудковага і яго медалямі. Як гэта мусіць дапамагчы адказаць на галоўнае пытанне (на якім флоце служыў і дзе загінуў савецкі лётчык Сафонаў) — незразумела. Але можна высунуць гіпотэзу, што аўтары пытання робяць паралелі паміж «удзельнікамі СВА» і савецкімі ўдзельнікамі Другой сусветнай вайны з мэтай гераізаваць сённяшніх расейскіх захопнікаў.
Пытанне з тэста «Диктант победы 2026»
Яшчэ адно пытанне прысвечана Херсону. Для яго трэба адказаць, як называлася аперацыя па яго вызваленні ў 1943-1944 гадах. Адначасова ў тэксце пытання паведамляецца, што сёння там адбываецца «Спецыяльная ваенная аперацыя» (менавіта так прапаганда РФ называе сваю захопніцкую вайну супраць Украіны).

Таксама ёсць пытанне, па ўсходняй мяжы якога горада ў 1941-1942 гадах праходзіла савецка-нямецкая мяжа. Сцвярджаецца, што гэты горад сёння ў складзе «Данецкай народнай рэспублікі». Нагадаем, Расея незаконна анэксавала гэтую тэрыторыю на ўсходзе Ўкраіны і лічыць адной са сваіх частак.

12 пляцовак у Беларусі правялі гэты тэст

24-25 красавіка 2026 гэткі тэст праводзіўся ў Беларусі ў 12 месцах. Мы змаглі ўсталяваць наступныя пляцоўкі:
  • Астравец — для работнікаў АЭС [1]
  • Барысаў — 72-гі Аб'яднаны вучэбны цэнтр Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь (рус. ОУЦ-72 ВС РБ). Для салдат тэрміновай і салдат кантрактнай службы, а таксама афіцэраў цэнтра [2]
  • Берасце — «Русский Дом в Бресте». Бралі ўдзел студэнты, навучэнцы каледжаў, вайскоўцы — агулам каля 80 чалавек [3]
  • Гомель — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Бралі ўдзел студэнты гістарычнага факультэта [4]
  • Горадня — Гродненскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт (арганізатары «Русский дом в Гродно»). Бралі ўдзел студэнты аграрнага ўніверсітэта, студэнты Гродненскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім.Я.Купалы [5][6]
  • Магілёў — Беларуска-Расейскі ўніверсітэт. Бралі ўдзел 89 студэнтаў спецыяльнасці «Замежнае рэгіёназнаўства» [7]
  • Менск — «Русский дом в Минске». Бралі ўдзел курсанты ваенных факультэтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ды Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Таксама ўдзельнічалі сувораўцы Менскага вучылішча, дэпутаты, «актыўная моладзь» [8]
  • Менск — мясцовы філіял «Российского государственного социального университета». Бралі ўдзел студэнты і выкладчыкі гэтага ўніверсітэта, а таксама вучні менскіх школ і вучні сярэдніх спецыяльных адукацыйных устаноў [9]
  • Менск — мясцовы філіял «Российского экономического университета». Бралі ўдзел студэнты [10]

Колькасць удзельнікаў у адным толькі РГСУ у Менску была «больш за 500 чалавек». У Гарадзенскай вобласці — «больш за 100 чалавек».
«Диктант Победы» у розных гарадах Беларусі. Злева: ў Берасці. Справа зверху: Астравецкая АЭС. Справа знізу: РГСУ ў Менску. Крыніцы фота: тэлеграм-каналы «Русский дом в Бресте», «Русский дом в Гродно», «Посольство России в Беларуси»
Па ўсёй краіне ўдзел узялі «каля 200 вайскоўцаў», паведамляла Мінабароны РБ (у гэтую лічбу ўключылі не толькі салдат, але і суворацаў ды студэнтаў ваенных кафедр вну).

У чым праблема

Пад выглядам «патрыятычнай акцыі» праводзілася мерапрыемства, дзе распавядаліся (замацоўваліся) наратывы расейскай прапаганды. Гэтыя наратывы тычацца як бягучай вайны Расеі супраць Украіны, так і скажэння гісторыі СССР.

Прывязванне гісторый з Другой сусветнай вайны да сённяшніх дзеянняў расейскай арміі выглядае як спроба гераізаваць расейскіх вайскоўцаў (хаця яны вядуць не абараняльную, а захопніцкую вайну).

Нагадаем, што згодна з міжнародным правам, ажыццяўленне ваеннай агрэсіі з'яўляецца злачынствам супраць міру. Да ваенных агрэсій адносяць як непасрэднае ўвядзенне войск, так і анэксію (анэксія адбылася, напрыклад, з ДНР у 2022 годзе з боку РФ). Такім чынам, тэст «Диктакт победы» можна разглядаць як цаглінку, пры дапамозе якой Расея будуе міф: сённяшняя вайна для Расеі гераічная і апраўданая, як і «подзвіг дзядоў» падчас Другой сусветнай вайны.
Made on
Tilda