Галоўную медсястру Цэнтральнай райпаліклінікі Баранавічаў асудзілі па палітычнай справе
І пазбавілі працы
15 траўня 2026 года ў «спіс экстрэмістаў» дадалі 48-гадовую Вольгу Казлоўскую. МУС у спісе адзначыў, што жанчыну асудзіў Берасцейскі абласны суд па ч.1, ч.2 арт.361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Нагадаем, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць абвінавачванні ў «экстрэмізме» для цэнзуры ды пераследу за іншадумства.
Як высветліла Наша Ніва, Вольга Казлоўская аддала медыцыне 20 гадоў свайго жыцця. Да нядаўна кіравала сярэднім медперсаналам баранавіцкай паліклінікі, адзначалася аблвыканкам за прафесійную дзейнасць. Але цягам года імя жанчыны знікла з сайта паліклінікі. Відаць, яе пазбавілі працы праз палітычны пераслед.
Сутнасць справы супраць Казлоўскай дакладна невядомая. Але мяркуючы па артыкулу, гэта магла быць перадача інфармацыі ў «Беларускі Гаюн».
МУС у спісе адзначыў, што ў жанчыны «асуджанаць непагашаная». Гэта зазвычай азначае, што прысудзілі «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову).