Іншыя артыкулы

Беларуская турэмная літаратура ў кантэксце сусветнай

Ліля Ільюшына, менеджарка культурніцкіх праектаў і ўдзельніца кампаніі FreeViasna, з'яўляецца шматгадовай суарганізатаркай фестываля беларускай кнігі Pradmova. 1 жніўня 2026 года ў Кракаве яна распавяла пра турэмную літаратуру як жанр, адкуль яна бярэ свой пачатак. Таксама жанчына вылучыла прыкметныя творы з беларускай турэмнай літаратуры, як найноўшыя — так і XX стагоддзя.

Дадзеная размова адбывалася на стэндзе «Вясны» ў межах беларускага фестываля «Летуцень».

Вытокі турэмнай літаратуры ў свеце

Свой аповед Ільюшына пачала са старажытнагрэцкага філосафа Сакрата. Бо, па-першае, каб аналізаваць беларускае, каб аналізаваць сучаснае, варта звярацца з астатнім светам.

— Насамрэч сама гэтая з'ява — турэмная літаратура — мае вельмі, вельмі доўгі пачатак. Нават да таго, як яшчэ ўзнікла кніга, фактычна турэмная літаратура існавала. Калі мы ўзгадаем такога бацьку еўрапейскай цывілізацыі як Сакрат, то частка яго дыялогаў, тая ж «Апалогія Сакрата» — гэта фактычна рэпортаж з турмы. І ў вялікім значэнні сам феномен знаходжання Сакрата ў турме, яго стаўленне, рэфлексія з гэтай нагоды, як ставіцца да вязня сумлення (бо шмат хто лічыў Сакрата менавіта вязнем сумлення) спарадзіла тыя пытанні, якія застаюцца актуальнымі па сённяшні дзень. Можна сказаць, што рэчаіснасць змяняецца, навакольнае асяроддзе змяняецца, тэхнічны прагрэс не стаіць на месцы, але шмат у чым гэтыя пытанні застаюцца ўсё тымі ж.

Таксама жанчына адзначыла, што суд над Сакратам тычыцца такіх актуальных дасюль праблем, як смяротнае пакаранне. Да таго ж сучаснай дылемай гучыць і выбар, ці мусіць патэнцыйны вязень сумлення ўцякаць ад затрымання, якога можна пазбегнуць.

— Мы ведаем, што ў Сакрата быў вырак за згубу моладзі, і за гэта патрабавалася смяротнае пакаранне. І вось у Сакрата было найвялікшае такое пытанне, ў яго быў такі падвойны выбар. Ён абсалютна дакладна мог збегчы, мы з гісторыі гэта ведаем. Яму некалькі разоў прапаноўвалі, што калі ты адсюль сыдзеш, то ніхто за табой не пагоніцца, ўсё будзе добра. Але ён адказаў, што калі я вучу пра мараль і законы, то я не магу пераступіць праз закон, нават калі я з ім разыходжуся. І вось гэтае пытанне маральнасці і законнасці цягнецца праз усю еўрапейскую цывілізацыю, ўсю гісторыю.
І іншае пытанне, што гэтая смерць Сакрата ўзняла пытанне, за што ўсё ж такі трэба прызначаць смяротнае пакаранне, ці не занадта гэта радыкальны крок? І гэта таксама пытанне, якое пункцірам праходзіць праз гісторыю еўрапейскай цывілізацыі. У дадатак мы можам сказаць, што сам гэты ўчынак быў настолькі радыкальны, само яго жаданне застацца ў турме і прыняць гэты вырак спарадзіла вельмі глыбокую рэфлексію ў тагачасным старажытнагрэцкім грамадстве. І вось тое, што мы маем сёння ўжо як аформленую юрыдычную думку, як гісторыю маральнасці, шмат што паходзіць менавіта з гэтага часу.

І ў найноўшай беларускай гісторыі таксама ёсць падобная гісторыя — філосаф, які апынуўся за кратамі.

— Але Сакрат Сакратам, гэта такая асоба, пражэктар, што падсвятляе кожнага. Калі Уладзімір Мацкевіч сядзеў за кратамі, таксама вельмі часта параўноўвалі вось гэтую сітуацыю. Прынцыповае рашэнне застацца — і падпарадкаванне вось гэтай сістэме? Або выклік сістэме? Тое самае, як было і ў выпадку з Сакратам. Але такіх выпадкаў было досыць шмат, людзі сядзелі ва ўсе часы. Гэта мы ведаем цудоўна. Далёка не заўсёды гэта было, на жаль, абгрунтавана чым-небудзь рацыянальным. Найчасцей гэта было з праізволу.
Але прыкметныя творы сусветнай турэмнай літаратуры былі не толькі ў Старажытнасці.

— Калі пераходзіць да XIX стагоддзя, некалькі выбітных змагароў за вольнасць Паўночнай Італіі апынуліся ў турме і выдалі некалькі кніжак, і была пастаўлены тэатральныя творы па гэтых кніжках. Яны прыкладна так і называліся — «Турэмная кніга». Ці пазней таксама вельмі вядомыя «Турэмныя сшыткі» Грамшы, гэта ўжо XX стагоддзе. І склалася, па факце, ўжо традыцыя рабіць пэўныя нататкі падчас знаходжання ў турме. Мы разумеем, чаму гэта робіцца, калі чалавек там знаходзіцца. Бо гэта і спроба ўратаваць сваю псіхіку, сваю свядомасць. Гэта адначасова і спроба эскапізму, стварыць сабе там сваю рэчаіснасць. Гэта і праца сведкам наконт таго, што з табой там адбываецца.

Беларуская турэмная літаратура да XXI стагоддзя

— Ведаеце, мы звычайна кажам: вось шкада, у беларускай літаратуры не было таго, ці гэтага. А вось тут роўна наадварот: шкада, што беларуская літаратура мае даўнюю і поўнакроўную традыцыю турэмнай літаратуры. І яшчэ больш шкада, што пачынаецца гэта зусім не ў XXI стагоддзі і звязана не толькі з 2020 годам.
— Наш класік турэмнай літаратуры, найбольш у шырокім грамадстве вядомы гэтым творам — гэта Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ». Ён чалавек вельмі пакручастага лёсу, які ў гэтых засценках і загінуў. Вельмі раю пачытаць ягоныя іншыя творы, не толькі «У капцюрох ГПУ».

Асобна Ільюшына спынілася на пытанні таго, што ў турэмнай літаратуры цяжэй аднавіць храналогію, ўсталяваць паслядоўнасць выхада твораў.

— Звычайна ж кніга напісаная, праз нейкі час выйшла і прачытаная (наколькі ўдалая, гэта ўжо другараднае пытанне). Але што тычыцца турэмнай кнігі, турэмнай літаратуры, то шмат хто з аўтараў стаўся вядомым моцна пасля смерці. Альбо мы ведаем, што штосьці было напісана, але так і не трапіла ў выданні. Вось тая літаратура, дзе былі апісаныя месцы абмежавання волі ці катарга, ГУЛАГ і ўсё астатняе — гэта ў беларускай літаратуры выходзіла досыць паволі і вельмі спарадычна. Не толькі таму, што не пісалася, а таму што шмат што знішчалася. Магчыма, яшчэ дзесьці там у сібірскіх і магаданскіх архівах штосьці пазаставалася, але не на ўсё ёсць рэсурсы гэта апрацоўваць, ездзіць, шукаць — асабліва ў цяперашняй сітуацыі.

Напрыклад, тое, што сёння называецца «Споведзь» Ларысы Геніюш (хаця яна сама не надта імкнулася называць гэта «Споведдзю»). Для беларускай турэмнай літаратуры «Споведзь» альбо «Дзённікі» Геніюш можна лічыць другім вельмі моцным крокам. Хоць яны досыць позна ўжо выходзілі, а поўнае выданне, такое факсіміле, было толькі ў пазамінулым годзе.
Таксама Ільюшына звярнула ўвагу, што турэмную літаратуру ў Беларусі пісалі аўтары вельмі розных палітычных поглядаў. І іх творы па-рознаму знаходзілі свайго чытача. Такім чынам турэмная літаратура ў Беларусі была «неперарыўнай традыцыяй».

— Гэтую нішу ў савецкай беларускай літаратуры спачатку запаўнялі аўтары-рэвалюцыянеры, якія сядзелі і цярпелі праз панскую ўладу. Пасля былі тыя, хто патрапіў у Заходняй Беларусі, тыя ж творы, вершы Максіма Танка. У «Кратах» у яго канкрэтнае апісанне ёсць усяго. І мы ведаем, што «Мой родны кут, як ты мне мілы» — гэта ўспаміны Якуба Коласа, калі ён сядзеў у турме. І вось наўпроставы зварот да родных мясцін. Але савецка-камуністычная праз ідэалагічныя прычыны вельмі прасоўвалася.

Абсалютна іншая сітуацыя была з эміграцыйнымі пісьменнікамі ды аўтарамі, якія ніякага выхаду не мелі да шырокага чытача (хоць тое-сёе трапляла праз тую ж Геніюш, якая шмат з кім ліставалася). Але вось такое моцнае сведчанне, што адбывалася ў лагерах, мы маем менавіта праз творы Ларысы Геніюш. І, канешне, вельмі цяжка, і адначасова вельмі знакава яе сёння чытаць, таму што мы, на жаль, маем магчымасць параўноўваць умовы ўтрымання, самі выклікі, перад якімі стаяць людзі ў сучасных беларускіх месцах зняволення — з тым, што ўжо ўсім светам прызнана абсалютна людажэрскім рэжымам. І вось калі ты чытаеш Геніюш пра часы, якія ўжо названыя там катаваннямі, а пасля ты чытаеш успаміны ці рэфлексіі сучасных беларускіх вязняў пра сістэму, якая спрабуе сябе пазіцыянаваць як законная, як правільная — то нават людзі, якія заплюшчваюць вочы, могуць гэта параўноўваць.

Турэмная літаратура ў незалежнай Беларусі

— Калі казаць пра самы росквіт беларускай турэмнай літаратуры, то гэта прыпадае на апошнія 20-25 гадоў. І нават у 2013 годзе была запачаткаваная прэмія імя Францішка Аляхновіча, якая акурат і ўручаецца аўтару за твор, напісаны ў турме. Першапачаткова там было безадрозна на беларускай ці расейскай мовах — але я думаю, што гэта будзе пашырацца, бо мы ведаем, што ў беларускіх турмах сядзелі носьбіты іншых родных моваў. Той жа Пачобут, для якога польская мова з'яўляецца таксама роднай. І ўжо ўзнікненне самой гэтай прэміі сведчыць пра масавасць з'явы. Мы разумеем, што для таго, каб кагосьці ўганароўваць, трэба каб быў выбар, каб гэта ўжо сталася феноменам публічнай свядомасці. І першым лаўрэатам гэтай прэміі быў Ігар Аліневіч, акурат у 2013 годзе. Хто найбольш цікавіцца гэтай тэмай, я б рэкамендавала проста глядзець лаўрэатаў і выбіраць з таго, што ёсць, найбольш цікавае. Як правіла, гэта кнігі, якія апісваюць менавіта турэмны досвед, хаця такой умовы няма. І ў гэтым плане турэмная літаратура, турэмная кніга не абавязкова мусіць быць толькі пра гэты досвед. Калі чалавек піша фэнтэзі-раман у зняволенні — гэта таксама трапляе ў шырокім значэнні ў турэмную літаратуру. Пакуль мне, па шчырасці, не вельмі вядомыя такія творы, але я ўпэўненая, што яны будуць з'яўляцца. Таму што ясна, што гэта пэўны ланцуг рэакцый мусіць прайсці. Натуральна, што ўсплёскі публікацыі такіх твораў супадаюць з хвалямі рэпрэсій. Ясна, што самыя моцныя пасля 1996 года, пасля 2006-га, ну і гэтак далей. І самае, канешне, масавае, на чым мы трошачкі падрабязней спынімся, гэта звязанае з 2020 годам, калі вельмі, вельмі многа людзей апынулася за кратамі.

Дарэчы, што лічыць турэмнай літаратурай? Найперш тое, што апісвае турэмны досвед. Але ў гэтым выпадку, ці абавязаны быў аўтар сам знаходзіцца ў месцах зняволення? Ці ён проста вывучыўшы крыніцы стварае такім чынам тэкст — хаця ў самога такога досведу няма? Ці калі аўтар мае досвед зняволення, але кароткі — ў СІЗА толькі пасядзеў? І далей пачынаецца тэрміналагічная спрэчка, яе можна проста да бясконцасці весці. Таму у самым пурыстычным варыянце, турэмная літаратура — гэта твор, які напісаны ў зняволенні альбо адразу пасля зняволення вязнем. У нашай сітуацыі мы звычайна дадаем яшчэ палітычным вязнем, бо іначай на той жа расейскі шансон таксама можна глядзець як на турэмныя творы. І вось тут таксама вельмі важна гэтую розніцу падкрэсліваць, у чым спецыфіка канкрэтна беларускай турэмнай літаратуры — што яна звязаная з палітычным пераследам.
Ільюшына адзначыла, што з 2020 года творы турэмнай літаратуры выходзілі ў самых розных беларускіх выдавецтвах.

— За апошнія гады выйшла процьма кніжак, пра некаторыя трошкі зараз падрабязней распавяду. Амаль нічога не выйшла ў 2020, і мы разумеем, што ёсць натуральная інерцыя, проста тэхналагічная. Бо кніга — гэта не допіс у сацыяльных сетках; каб яе выдаць, трэба спачатку яе напісаць ці сабраць, пасля запусціць у друк і гэтак далей. Калі ў 2020-2021 годзе нават і з'яўляліся такія творы, то было досыць складана іх друкаваць у Беларусі, гэта было занадта рызыкоўна. Таму такі найбольшы росквіт гэтага жанру прыйшоўся ўжо на часы масавай эміграцыі па 2022 годзе, калі большасць выдавецтваў альбо апынулася ў эміграцыі, альбо пачалі адкрывацца менавіта ў эміграцыі.

На сённяшні дзень, каго магу прыгадаць з выдавецтваў: такія кнігі выходзілі ў Янушкевіча, выходзіла ў выдавецтве «Гутэнберг», у фонда «Камунікат», выходзіла ў праваабарончага цэнтра «Вясна» досыць вялікая падборка. І нават з'явілася выдавецтва, якое збольшага займаецца менавіта гэтай тэматыкай — гэта выдавецтва RozUM, яно ўзнікла трошкі больш за год таму. З усяго пералічанага найбольшы такі досвед мае, натуральна, праваабарончы цэнтр «Вясна», які доўга і сістэмна займаўся абаронай правоў чалавека ў Беларусі, і выдаваў турэмныя зборнікі. Але як правіла, гэта былі такія менавіта нішавыя ўсё ж такі кнігі. Тут гэта не ацэначнае меркаванне, проста як фіксацыя факту. А вось ужо пачынаючы з 2022 года, такія кніжкі робяцца заўважнымі ў больш шырокай прасторы.

Сярод прычын, чаму беларуская турэмная літаратура стала больш запатрабаванай у грамадстве, Ільюшына адзначыла некалькі фактараў.

— Гэта звязана і з цікавасцю да самой тэмы. На жаль, зашмат беларусаў гэтая тэма так ці інакш закранула. А другое, сярод аўтараў з'яўляюцца людзі з багатым медыйным капіталам. І калі яны пішуць кнігі, гэта таксама прыцягвае ўвагу і да кнігі, і да праблемы. У гэтым плане я б не стала казаць, што хтосьці спрабуе хайпаваць на тэме. Любое сведчанне вельмі важнае. І тут не варта рабіць наўмыснай розніцы, які аўтар вядомы, а хто менш вядомы чалавек. Таму я б сказала, што мяне б вельмі цешыла, каб гэты жанр, ведаеце, перастаў даваць глебу для новых кніг, але пры гэтым, каб было зафіксаванае слова кожнага. Паглядзіце, што адбываецца з тэмай Халакосту ў ізраільскай традыцыі, у больш шырокай габрэйскай традыцыі. Так, гэта катастрофа, ніхто не адмаўляе. І гэта было страшна. Але кожны, літаральна кожны год для новага пакалення з'яўляюцца новыя кнігі. І вельмі часта там пра іншых людзей. Ну, то бок, сапраўды, каб гісторыя кожнага была прагаворана і пачута. І мне б хацелася, каб беларускі досвед быў таксама ацэнены як катастрофа, і каб кожны і кожная, хто быў за кратамі і каго гэта датыкнулася, таксама быў засведчаны. Я думаю, надалей мы будзем выходзіць яшчэ і на больш шырокае кола, што церпіць не толькі чалавек, які знаходзіцца ў вязніцы — а яшчэ яго блізкія, родныя, людзі, якія яму дапамагаюць. Гэта такое ахвярнае кола, а таксама і кола сведчанняў, што таксама варта фіксаваць, пра што варта апавядаць.
— Калі пераходзіць непасрэдна да саміх кніжак. Я не збіраюся пералічыць усё, але адзначыць, што было б цікава пагартаць, пачытаць. З апошняга часу з вельмі цікавых кніжак — гэта кніга Антона Беляева «Як я правёў гэтае лета». Першапачаткова яна створаная па-расейску, але ўжо існуе і беларускі пераклад. Хто хоча больш такога чорнага гумару— вельмі раю пачытаць. Альбо, калі атрымаецца, то можна і трапіць на прэзентацыю, бо Антон досыць шмат гастралюе з гэтай кнігай. У яго проста цудоўныя імпрэзы. І што найбольш вось кідаецца ў вочы ў гэтай кнізе, што найбольш прывабнае ў ёй — вось гэты кантраст паміж добрым, уладкаваным, забяспечаным жыццём чалавека, які насамрэч неблага пачуваўсяу сістэме, бо ён быў прадусарам ОНТ (гэта, самі разумееце, не апошняя пасада ў Беларусі). А пасля ён праходзіць вось гэты шлях зняволення. І вельмі цікава таксама глядзець, якія змены адбываюцца з чалавекам. Ён піша ад першай асобы, гэта пералічвае, як змяняецца ягоны сусвет.

Мне здаецца, гэта кніга яшчэ будзе вельмі карысная, калі мы пачнем размаўляць пра падзел: хто сядзеў, хто катаваў, хто проста маўчаў, хто ўдзельнічаў. Таму што там таксама вельмі лёгка бачна, як чалавек з адной катэгорыі пераходзіць у іншую. І вось каб не страціць чалавечнасць, здольнасць разумець у агульным сэнсе гуманістычнасць, я вельмі раю пачытаць гэтую кнігу. А апроч таго, там проста процьма розных турэмных прыколаў. Таму калі вы хочаце дзе-небудзь папантавацца веданнем такіх штук, то you are welcome.

Яшчэ ў гэтай кніжцы вельмі цікава, як сама цялеснасць прапісаная. Ну, то бок, мы звычайна разумеем, што турма ці зняволенне гэта вельмі страшна, але гэта веданне такое агульнае, бо рэальна перажылі гэты досвед лічаныя адсоткі. І вось гэта кніга акурат той масток, якая дапамагае зразумець вельмі простым, жыццёвым, цялесным чынам, што з табой адбываецца ў зняволенні. Там не столькі пра злом псіхікі, колькі вось пра гэтае пакутніцкае цела. Што з табой адбываецца, калі ты не можаш там спаць? Як гігіена арганізаваная? І кніга напісана не для таго, каб застрашыць. І ад гэтага яшчэ страшней, калі ты разумееш, што гэта будзённасць, калі ты разумееш, што гэта руціна абсалютная. Таму яшчэ раз раю. Антон Беляеў «Як я правёў гэтае лета», выдавецтва RozUM.
— А яшчэ адна кніга выходзіла ў выдавецтве «Камунікат». Гэта «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы». Падобны стыль, але іншая лакацыя. Што класна з турэмнай літаратурай — з ёй можна вывучаць розныя лакацыі. «Акрэсціна», «Валадарка», турма такая, калонія гэтакая. А яшчэ ведаеце, калі чытаеш норматыповую літаратуру, там табе толькі зрэдку табе паказваюць нейкія маргіналіі. Ну назавіце мне ў беларускай літаратуры, скажам, кнігу пра бамжоў. Я такіх не ведаю. Ці кнігу пра дыгераў. Пра наркаманаў можна напружыцца, тое-сёе знайсці, але ну ўсё роўна гэта адзінкі. Але ж гэта такая ж тканіна чалавечага жыцця. І вось калі каго цікавіць не толькі парадная карцінка грамадства, то вось тут матэрыял проста разнастайны. І можна пачытаць пра «Валадарку», што і як там адбываецца, як людзі падпарадкоўваюцца гэтаму раскладу, што там можна пабачыць на мурах, як арганізавана камунікацыя паміж вязнямі. За гэтым можна звярнуцца акурат да гэтай кнігі.

Яшчэ адна такая вельмі важная кніга, яна і уганараваная рознымі прэміямі — гэта кніга Максіма Знака «Зэкамерон». Лёс у гэтай кнігі вельмі цікавы: яна была выдадзена ў часы, калі Максім быў у рэжыме інкамунікада. І дарэчы, гэта вельмі адрозная рыса турэмнай літаратуры: тое, што выдаецца — гэта далёка не ўсё тое, што было напісанае. Бо там ёсць надзвычайная цэнзура. Далёка не ўсё праходзіць, шмат што знішчаецца. І вось у выпадку з «Зэкамеронам», наколькі я ведаю, было напісана багата болей, але выйшла тое, што змаглі пэўным чынам перадаць на волю. Рэфэрэнс тут зразумелы цалкам, да «Дэкамерона». І можна проста зразумець, чаму так пабудаваная гэта кніга, якім чынам яна пабудаваная. Для самога Максіма адзін з самых улюбёных момантаў там пра торт у СІЗА. «Зэкамерон» выходзіў у розных выданнях. Ён выходзіў у «Вясне» толькі «Зэкамеронам» асобнай такой кніжачкай, а пасля яшчэ было выданне «Полацкімі лабірынтамі», там і «Зэкамерон», і яшчэ вершы Максіма (таму што ён паэт, бард).
На прыкладзе «Зэкамерона» Ільюшына падкрэсліла, што гэтая кніга (як і шмат што ў турэмнай літаратуры) можа быць не самым лёгкім чытвом.

— Безумоўна, гэта кніга, якая патрабуе пэўных душэўных высілкаў. У гэтым плане, я разумею, што шмат у каго з беларусаў ёсць пэўная траўма 2020 году, і шмат хто хацеў бы трошкі дыстанцыявацца і пазбягае ўсяго таго, што трыгерыць, і таму часам абыходзяць і гэты сегмент літаратуры, каб проста не праходзіць працэс рэтраўматызацыі. Безумоўна, кагосьці гэта зачэпіць і такім чынам, але збольшага я б сказала, што не варта гэтага пераймацца. Вельмі раю чытаць гэтыя кніжкі, знаёміцца з імі.

Таксама Ільюшына распавяла пра творчасць нобелеўскага лаўрэата, праваабаронцу, які мае багаты досвед у напісанні турэмнай літаратуры.

— Пра каго яшчэ тут нельга не згадаць, гэта Алесь Бяляцкі. Нават хутчэй пра тое, што кнігі, якія цяпер выходзяць і выдаюцца, гэта кнігі яшчэ не гэтай адсідкі. Бо гэта кнігі, якія былі напісаныя раней альбо былі сабраныя з запісаў, фэйсбучных допісаў, персанальнага ліставання Алеся. І вось гэта было сабрана і выдадзена асобнымі кнігамі. У гэтым няма абсалютна нічога кепскага. Гэта зноў-такі не ацэнка якасці, але я проста да таго, што ведаю, што шмат хто ходзіць і шукае кнігу: «Я хачу пачытаць кнігу, якую Бяляцкі напісаў вось цяпер у турме». Дык вось, такой кнігі пакуль няма. Я так разумею, яна ўсё роўна з'явіцца. Але гэта не адмяняе вартасцяў усіх папярэдніх выданняў, таму што шмат што з іх тычыцца яго адсідак у любым разе.
— Плюс адметнасць кніг, якія звязаныя з Алесем Бяляцкім — а самая вядомая, я думаю, гэта кніга «Алесь», якая выдавалася «Полацкімі лабірынтамі» — што там вельмі шмат разважанняў. Яна акурат у найменшай ступені апісвае турэмны быт, хутчэй там агульначалавечыя роздумы альбо нейкія кранальныя, персанальныя моманты. І гэта таксама паказвае, што чалавек у зняволенні, чалавек у турме застаецца чалавекам. То бок яго працягваюць турбаваць тыя ж думкі і вярэзяць тыя ж чалавечыя праблемы, якія ён меў на волі, ці будзе мець пасля на волі. І ў гэтым плане вельмі важна, што наша турэмная літаратура не абмяжоўваецца толькі і выключна досведам сядзельства. Для нас гэта дае таксама больш багатую палітру і ў плане перажывання нейкай сваёй уласнай эмоцыі пры чытанні, і разумення, чаму гэтыя людзі маюць, той жа Беляцкі мае менавіта такую пазіцыю, чаму ён не адыходзіць ад гэтай пазіцыі. Мы разумеем, што па-разному людзі апыналіся за кратамі. Кагосьці замялі падчас разгону — а хтосьці прымаў свядомае рашэнне застацца, калі яго нават папярэджвалі, што па цябе прыйдуць. І я ведаю, што час ад часу ўспыхваюць гэтыя дыскусіі: «Навошта, чаму ты не з'ехаў? Ты ж меў магчымасць». І калі мы чытаем вось такія тэксты — зусім не абавязкова, што яны вас пераканаюць, вы можаце застацца на сваёй пазіцыі, што трэба было з'язджаць і гэта было не варта тыя гады, праведзеныя ў турме. Але, прынамсі, у вас ёсць магчымасць зазірнуць у логіку іншага чалавека. А што можа быць важнейшае, чым вось пабачыць іншы свет іншага чалавека? Таму чытайце кніжкі, гэта заўсёды добра.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-08-18 12:32