Навіны

Затрыманых ўніяцкага святара і рэдактара ўніяцкай газеты трымаюць у берасцейскім ІЧУ [Абноўлена]

Абодвум прысудзілі содні адміністрацыйнага арышту

Злева: Ігар Кандрацьеў. Справа: Ігар Бараноўскі.

2 лістапада 2022 года затрымалі святара грэка-каталіцкай царквы Ігара Кандрацьева. СІлавікі прыехалі наўпрост у царкву ды затрымалі айца перад імшай.
У той жа дзень быў затрыманы і Ігар Бараноўскі, рэдактар газеты «Царква» (выданне піша пра грэка-католікаў у Беларусі).

Паводле інфармацыі берасцейскай «Вясны», абодвух мужчын па стане на ранак 4 лістапада трымаюць у Ленінскім ІЧУ Берасця (ізалятары часовага ўтрымання). Іх збіраюцца судзіць па адміністрацыйных артыкулах, але якіх — невядома (як і невядомая дата суду).

Абнаўленне 04.11.2022 14:40: Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», у грэка-каталіцкага святара Ігара Кандрацьева 4 лістапада правялі вобшук.

А пасля абеду 4 лістапада Ігара Бараноўскага і святара Кандрацьева прывезлі ў суд. Відавочна, іх абодвух збіраюцца бліжэйшым часам асудзіць па адміністрацыйнай справе.

Абнаўленне 04.11.2022 18:40: Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», суддзя Андрэй Грушко даў святару Ігару Кандрацьеву 12 содняў адміністрацыйнага арышту.

Той жа суддзя прызначыў Ігару Бараноўскаму (рэдактару газеты «Царква») 15 содняў арышту. Вядома, што яму прад'яўлялі артыкул 19.11 (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за публікацыю, якая выйшла ў траўні 2021 года на Фэйсбук-старонцы газеты «Царква», ды ў тым пасце было відэа «Белсату». Адзначым, што прадукцыя медыя «Белсат» была прызнана ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» толькі ў ліпені 2021 (хаця яна ўсё яшчэ дасяжная на бягучы момант).
2022-11-04 11:38