Паліна Шарэнда-Панасюк змагаецца за адмену арт.411 КК РБ
На дадзеным этапе былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая адкрыла рахунак злоўжывання арт.411 Крымінальнага кодэкса РБ супраць зняволеных жанчын за кратамі, збірае сведчанні ахвяр палітычных рэпрэсій, якія пацярпелі не толькі па асноўных артыкулах, але і па зласчасным артыкуле 411. Менавіта гэты артыкул дазваляе адміністрацыям месц зняволення трымаць за кратамі вязня колькі ім захочацца.
Свае сведчанні напісалі і прадаставілі Паліне Юрась Зянковіч і Алена Гнаук, са слоў Паліны, рыхтуюць і іншыя. Таксама былі пасты салідарнасці з тымі палітвязнямі, якія церпяць ад гэтага артыкула. Напрыклад, Мікіта Емельянаў, ён сем год утрымліваецца ў няволі, у тым ліку дзякуючы дзвюхразоваму прыцягненню па арт.411.
Па дадзеных праваабаронцаў з «Вясны», на канец сакавіка 2026 года рэжым ужыў арт.411 у дачыненні да 76 палітычных зняволеных — 71-ці мужчын і 5-ці жанчын. 44 палітвязні дагэтуль утрымліваюцца ў закладніках. Іншыя крыніцы даюць інфармацыю пра больш сотні такіх ахвяр, але праверыць немагчыма, таму што сістэма трымае гэтае злачыннае ноў-хаў у таямніцы. Але на вока відаць, што злоўжыванне гэтым артыкулам стала не выключэннем, а нормай, гаворыць Паліна Шарэнда-Панасюк.
За дапамогай у сваім праекце Паліна намерана звяртацца найперш да тых палітзняволеных, якія прайшлі праз артыкул 411, да сусветных палітыкаў, каб аказваўся ціск на рэжым, у першую чаргу санкцыйны.
Жанчына лічыць, што першыя вынікі ёсць. Пра гэта гаворыць вызваленне 19 сакавіка 2026 году, калі ўпершыню выйшлі на волю анархісты. Гэта адна з груп, якая знаходзіцца ў зоне рызыкі, бо менавіта такім палітвязням «шыюць» гэты артыкул: Аляксандр Казлянка і Павел Шпетны былі вызвалены. Таксама дасягненнем у гэтым накірунку былая палітзняволеная лічыць факт, калі ўпершыню палітзняволеным быў прызнаны чалавек, які першапачаткова быў асуджаны па артыкуле за наркотыкі, але падпаў пад арт. 411 за падтрымку пратэстаў — гэта Уладзіслаў Вакульчык.
Дэмакратычныя актывісты — людзі, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці да 2020 года. Да іх арт.411 ужываецца і як помста, і як сродак прымусіць медыйных асобаў даваць ілжывыя «прызнанні» на камеру, каб далей выкарыстоўваць для дэзінфармацыі і раз'яднання апанентаў, у першую чаргу на Захадзе. Тут можна згадаць журналіста Ігара Лосіка, актывістаў Паліну Шарэнду-Панасюк і Юрася Зянковіча, якія пад жудасным ціскам далі падобныя «інтэрв'ю». То бок такім чынам рэжым знішчае людзей не толькі фізічна, але і маральна.
Паліна Шарэнда-Панасюк заклікае ўсіх беларусаў падтрымаць яе кампанію. Бо менавіта ліквідацыя арт. 411 — пазбаўленне інструмента пакарання закладнікаў рэжыму ў плане бясконцага трымання за кратамі па свавольству і ўседазволенасці многіх садыстаў турмаў і калоній.