Навіны

Палітвязня Генадзя Смірнова змясцілі ў ПКТ

Пры гэтым у зняволенні ён «моцна схуднеў, адны жылы тырчаць»

Палітзняволены Генадзь Смірноў

Родныя Генадзя Смірнова вельмі перажываюць, што нядаўна абарвалася з ім сувязь. Генадзь адбывае пакаранне ў калоніі №17 (Шклоў), але ж у снежні 2022 года з ім знікла ўсялякая сувязь.

Як стала вядома берасцейскай «Вясне», Генадзя пасля некалькіх пакаранняў штрафным ізалятарам змясцілі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) як нібыта злоснага парушальніка ўстаноўленага парадку. Гэтае памяшканне знаходзіцца ў падвале і там крыху лепшыя ўмовы, чым у ШІЗА: на ноч даюць матрац і коўдру. Але гэта таксама вельмі цяжкае пакаранне.

За што ў ПКТ? Ды што будзей з палітвязням далей?

Паводле нашай крыніцы інфармацыі, з таго, што на цяперашні момант ёсць, а Генадзю вызваляцца ў канцы 2023 года, то, хутчэй усяго, яго рыхтуюць або да турмы, або на строгі рэжым з павелічэння тэрміну ад года да трох па арт. 411 ч.2 — злоснае невыкананне норм утрымання.

Чаму так адбываецца з Генадзем Смірновым. Палітвязень Смірноў — чалавек са стрыжнем. Ён не будзе ні пад каго падладжвацца ці прагінацца. Генадзь — чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці. Несправядлівы пераслед палітычных, перадузятыя адносіны да іх выклікалі ў яго абурэнне, якое ён выказваў услых. Яго паставілі на самую цяжкую работу — на драбленне дранкі. Па-першае, мужчына ўвесь час на вуліцы, пад пастаянным кантролем, кругом відэакамеры. Па-другое, там самы высокі заробак: 30 рублёў у месяц. Ёсць з чаго забіраць на штрафы, якімі быў пакараны Смірноў за ўдзел у акцыях. Замест 5 мінімалак на атаварку Смірноў меў права толькі на 2. Кожны вязень раз у месяц праводзіць генеральную ўборку, а Смірнову хацелі заставіць рабіць два. Ён наадрэз адмовіўся ад другога дня, бо гэта, па яго словах, несправядліва. Асуджаныя па 6 дзён у месяц па тры разы ў дзень прыбіраюць памяшканні, палітычныя — 8, а Генадзю Смірнову — 10-12. Пастаянныя прыдзіркі, як і да ўсіх палітычных: не брыты, не павітаўся, не зашпілены гузік, зрабіў памылку ў доўгім тэксце вітання і прадстаўлення, наогул не павітаўся, спрачаўся з супрацоўнікамі. І гэтыя неабаснаваныя прыдзіркі трэба цярпець. Генадзю не заўсёды гэта ўдавалася. З негалоснага распараджэння начальства, Смірнова пачалі гнабіць «казлы», так называемыя актывісты. Па словах нашага суразмоўцы,
«Генадзь моцна схуднеў, высах, адны жылы тырчаць».

Нагадаем, што 48-гадовы жыхар Ляхавіч быў асуджаны суддзёй Ляхавіцкага суда Таццянай Жарко да 2 год 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па арт.363 Крымінальнага кодэкса — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, і арт.368 Крымінальнага кодэкса — абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Сына Генадзя Смірнова Вячаслава асудзілі да 2 гадоў «хіміі» таксама па арт.368 Крымінальнага кодэкса. Дома іх чакаюць моцна хворая маці Генадзя і дачка.
Made on
Tilda