Навіны

Людміле Рамановіч не дазволілі прагаласаваць падчас рэферэндуму 27 лютага на ўчастку №1 у Маларыце

Жыхарцы Маларыты, сябры партыі БНФ Людміле Рамановіч не дазволілі прагаласаваць падчас рэферэндуму 27 лютага на ўчастку №1 у памяшканні раённай гімназіі.


Неабазначаным асобам пад агульнай назвай «выбарчая камісія» не спадабалася, што жанчына адмовілася спачатку назваць свой адрас і падаваць пашпарт невядомым асобам. Рамановіч сказала, што на гэтым рэферэндуме дазволена таямніца ў асабістых дадзеных.

Але яе тут жа перабілі асобы-інкогніта з камісіі, што гэта дазволена толькі ім. Што выклікала здзіўленне ў Рамановіч, бо «па Канстытуцыі ўсе людзі роўныя».

Калі спадарыня Людміла падала пашпарт, ёй ужо не далі бюлетэнь, бо ўбачылі, што яна з тэлефонам і Выбарчым кодэксам. Гэта не спадабалася людзям за сталом пад агульнай назвай «выбарчая камісія». Яны спужаліся, убачыўшы тэлефон і закрычалі, што іх нельга фатаграфаваць, сталі клікаць міліцыю.

Людміла Рамановіч папрасіла паказаць у Выбарчым кодэксе, дзе сказана, што яна не мае права мець пры сабе тэлефон і Выбарчы кодэкс на выбарчым участку. Канешне, ёй у гэтым адмовілі. Тады жанчына запатрабавала вярнуць ёй пашпарт, каб пакінуць участак. Але пачула, што пашпарт ёй не аддадуць.

Рамановіч напісала заяву ў міліцыю, што невядомыя асобы на выбарчым участку не вярнулі ёй пашпарт. У міліцыі трэба было ажно 40 хвілін патрабаваць рэгістрацыі заявы. Бо міліцыянты сказалі, што з заявай яна звярнулася не па адрасе. Яе трэба пакінуць у выбарчай камісіі

Затым яны ўсё-такі заяву прынялі і пазванілі на участак, каб дзяжурныя на ўчастку міліцыянты дапамаглі забраць пашпарт Людміле.

Калі жанчына вярнулася назад, то пашпарт ляжаў на ўскрайку стала, нібыта камісія тут ні пры чым.

Людміла Рамановіч напісала пра свае заўвагі па парушэнню Выбарчага кодэкса падчас рэферэндуму на выбарчым участку №1 у Маларыце ў ЦВК.
Made on
Tilda