24 кастрычніка 2026 года ў памяшканні дабрачыннага фонду «Дар лёсу» у Варшаве прайшла імпрэза, прысвечаная памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій ХХ стагоддзя. Даклады на гэту тэму прачыталі краязнаўца Ігар Станкевіч і гісторык, былы супрацоўнік НАНБ Уладзімір Шыпіла.
Сям'я Ігара Станкевіча пацярпела ад сталінскіх рэпрэсій. Таму даклад быў прачытаны ім на фактах сваёй сям'і і фактах, якія ён назбіраў не толькі стасуючыся з сем'ямі пацярпелых, але і з архівамі ў Варшаве. Таксама ён напомніў удзельнікам імпрэзы пра Ноч (не)расстраляных паэтаў, якую яшчэ называюць Чорнай ноччу. Тады за адну ноч было расстраляна каля 132 выбітных дзеячаў беларускай культуры, навукі і дзяржаўнага кіравання, сярод якіх было 22 літаратары (паэты, пісьменнікі, перакладчыкі). Гэтыя людзі працавалі над развіццём нацыянальнай літаратуры і культуры па закліку бальшавікоў развіваць сваю нацыянальную культуру. За гэта яны заплацілі сваім жыццём. Але гэта была не самая страшная ноч, былі значна больш крывавыя ночы ў 1937-38 гг, калі расстрэльвалі і па 200-300 чалавек. Аб абвінавачвалі ў шпіянажы, здрадзе радзімы і нацдэмаўшчыне (вам нічога не напамінае?) Але сапраўднай прычынай было жаданне трымаць людзей у страху, ператварыўшы іх у рабоў.
Паводле Уладзіміра Шыпілы, савецкая ўлада будавала рабаўладальніцкую дзяржаву, але па-хітраму: быў кнут і пернік, але ўсё роўна гэта была вынішчальная антыцывілізацыйная палітыка. Спадкаемцамі такой палітыкі з'яўляецца КДБ. І толькі такая подлая, знішчальная палітыка дазваляе заставацца ім пры ўладзе. Ім ў залік ставіцца іхнія справы з 1917 года і да сённяшняга дня.
Даклады выклікалі дыскусію сярод прысутных, слухачы дзяліліся аповедамі пра рэпрэсіі ў сваіх сем'ях. Прысутным было балюча, і гэта было заўважна, некаторыя плакалі, успамінаючы сваіх без віны закатаваных родзічаў.