Пра людзей

Вользе Крондзе на «хатняй хіміі» скарацілі час на выхад на вуліцу

Раней яна напісала скаргу зняважлівае стаўленне інспектараў
Вольга Кронда з дачкой і яе выбарамі. Калаж берасцейскай «Вясны»
Вользе Крондзе на «хатняй хіміі» скарацілі час на выхад на вуліцу па асабістых справах. Усё б нічога, але Вольга — маці-адзіночка, якая адна выхоўвае шасцігадовую дачушку. Малая часта хварэе. Зараз яе трэба вадзіць у басейн два разы на тыдзень, бо ў дзяўчынкі знайшлі скаліёз. Праблема ў тым, што другі дзень паходу ў басейн прыпадае на суботу. Вольга загадзя прасіла ў свайго інспектара і яго начальніка дазволіць ёй у суботу звадзіць дзіця ў басейн. Але тут уключылася міліцэйская бюракратыя, былі накіраваны запыты, ці сапраўды дзіця хварэе на скаліёз і ёй патрабуецца басейн, затым запыт у басейн і перамовы з трэнерамі з боку міліцыі. Тым часам Вольга пачала вадзіць дзіця, бо міліцыянты так і не вызначыліся, акрамя як параілі, каб некага папрасіла. Басейн — платная паслуга, грошы заплачаны, скаліёз — сур'ёзная хвароба, нікога не знайшла вадзіць дзіця бясплатна. А плаціць няма чым, бо работа рамесніцы, якая не можа прадаваць на рынку свае рэчы, прыносіць сціплы даход.

І вось у адчаі і безвыходнасці Вольга вымушана была ў суботу весці дзіця сама. Патрапіла на вочы інспектару ў яго непрацоўны час. Той тут жа напісаў на Вольгу рапарт. Жанчыне адразу скарацілі час выхаду з дому. Цяпер яна можа выходзіць толькі з 6 да 7 гадзін вечара. За гэтую гадзіну яна павінна схадзіць на пошту і ў банк, бо прадае праз інтэрнэт свой тавар, і забраць дачку са школы, а цяпер яшчэ і з басейна. Вядома, што за гэты час нерэальна справіцца з гэтымі справамі, бо ні пошта, ні банк, ні басейн са школаю не знаходзяцца за парогам дома, дзе жыве Вольга з дачкою.

Адразу напрошваецца пытанне: пакарана Вольга Кронда за смайлік ў інтэрнэце на адрас міліцыянта Руслана Куцко трыма гадамі «хатняй хіміі». Але яе дачка, якую Вольга выхоўвае адна, не пакарана ж. Навошта рабіць праваахоўным органам так, каб дзіця плакала, нервавалася. Каму ад гэтага будзе лепш?

Ці можа, гэта помста з боку міліцыі за скаргу Вольгі ў УУС Брэсцкага аблвыканкама на тое, што на яе галаву хутка 2 гады як сыплюцца адны абразы?

А мы звяртаемся да ўсіх людзей добрай волі, давайце дапаможам Вользе выстаяць у час няволі, закажам у яе прыгожыя вырабы, зробленыя яе рукамі не толькі для дзяцей. Усё гэта можна ўбачыць на яе старонцы: instagram.com/olga.kronda3301.
Made on
Tilda