Пра людзей

Кранальны ліст ад Паліны Шарэнда-Панасюк да свайго сына

Паліна сустрэла ужо трэці свой Дзень народзінаў за кратамі. І сустрэла яго яна у халоднай камеры штрафнога ізалятара ў поўнай ізаляцыі. Два тыдні таму разам з паштоўкай-віншаваньнем старэйшаму сыну на волю прабіўся і падарунак для яго — невялікае апавяданне. Ім падзяліўся муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда:
«Майму сыну Славаміру Вітаўту ў дзень ягонага 14-годдзя. Ня маючы як падарыць падарунак фізічна, я дару яго табе Словам.

Чаму кіты выкідваюцца на бераг?

Ты, пэўна, чуў аб гэтых велічных насельніках акіянскіх глыбінь. Усё жыцьцё яны праводзяць пад вадою, там нараджаюцца, жывуць, кормяцца, пераадольваючы тысячы і тысячы кіламэтраў. Мільёны год кіты жывуць у вадзе, але раз-пораз Зямлю абабягае навіна, што кіт або кітовы статак выкінуўся на бераг. Чаму гэта так, дакладна ніхто ня ведае. Навукоўцы маюць шмат тэорый, ды ніводная з іх не дае вычарпальнага адказу. А можа таму кіты выкідваюццца на бераг, што…

——————————

У цёплае глыбіні акіяну плыў кітовы статак. Велічна і нетаропка калыхаліся хвасты-ветразі. Вёў статак стары амаль трыццацімэтровы гігант. Ён плыў і сьніў сон. У яго ня цела рыбы, а чатыры лапы і кудлаты хвост, вострыя вушы, прыціснутыя да галавы, доўгая пыса з вострымі зубамі, каб ямчэй хапаць рыбу. Ён хутка перабірае лапамі — трэба сьпяшацца. Паляваньне было ўдалае, ягонае цела прыстасаванае паляваць на рыбу, і таму бруха поўнае. Трэба сьпяшацца дахаты, да нары. Нара ў лесе, пад каранямі вялікага дрэва, цёплая, сухая, утульная. Гэтую нару яны з самкай вырылі ўдваіх у лясной глебе летась, а цяпер яна чакае яго там разам з чатырма іхнімі шчанюкамі.
Фота ілюстрацыйнае
Зьвер з чатырма лапамі востра адчувае пах роднага лесу, смалісты, духмяны. Ён прывядзе яго да нары, а там такі родны пах самкі і шчанюкоў. Яны яшчэ смокчуць малако, але патроху пачынаюць есьці рыбу. Трэба сьпяшацца накарміць іх. Яны галодныя! Яны так даўно чакаюць на яго, так даўно! Ён пачынае хутчэй перабіраць лапамі ў вадзе. Зараз, хутка! Ужо чуваць шоргат і плёск хваль аб знаёмы бераг. Вось зараз ён выскачыць на прыбярэжны пясок, які зарыпіць і заспружыніць пад падушачкамі лап. Абтрасецца, пачынаючы з галавы і заканчваючы кудлатым хвастом. Амаль сухі! Скачок, другі, і ён цалкам хаваецца ў густой, высокай траве. Трава пяшчотна пагладжвае ягоную поўсьць, казыча бруха. Зараз, зараз, яшчэ пару скачкоў — і пачнецца знаёмы лес, дрэвы. Ён імчыць да нары па лясным подсьціле, сонца зноў грэе ягонае цела і пяшчотна зіхаціць у вочы. Як добра зноў бегчы па зямлі! Так і будзе! Сьпевы птушак, валтузьня кузурак, шум лістоты ды ігліцы, ласкавыя шчанюкі.

Дамоў, дамоў, на зямлю, на бераг! Вялізны кіт, які забыўся, што мільёны гадоў таму страціў свае лапы і хвост, імчыць да ўтульнага берагу. Вось зараз, скачок!
——————————
На наступны дзень ізноў з'явілася навіна, што статак кітоў выкінуўся на бераг».
Пісьмо Паліны свайму старэйшаму сыну
Адрас для падтрымкі палітзняволенай: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Made on
Tilda