«Паказаць салідарнасць беларусаў унутры краіны і за яе межамі»
24 лістапада 2024 года беларуская дыяспара правяла акцыю ў цэнтры Варшавы. Заяўленай мэтай акцыі было паказаць салідарнасць паміж беларусамі.
Па словах намесніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, рэжым рукамі спецслужб стараецца падзяліць беларускае грамадства па-за межамі краіны, а таксама стараецца ўнесці варожасць паміж беларусамі ў краіне і за яе межамі. Але ім гэта не ўдасца, бо беларусы любяць сваю Радзіму і ўжо пяць год усё робяць для яе вызвалення. Таму пяты год не спыняюцца нечалавечыя рэпрэсіі карнікаў супраць свайго народа, які нібыта так «моцна» любіць дыктатара.
Паводле арганізатара акцыі, сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Васіля Плешкунова, на акцыі гаварылася пра салідарнасць беларусаў, пра ўзаемадапамогу. Гаварылася таксама пра салідарнасць і дапамогу не толькі палітвязням, але і іх сем'ям. Таксама не абмінулі і аперацыю спецслужбаў па вывазу былога афіцэра з В'етнама Васіля Верамейчыка, які служыў у палку Каліноўскага.
Нягледзячы на халоднае надвор'е, людзі прышлі на акцыю з бел-чырвона-белымі сцягамі, плакатамі і партрэтамі палітвязняў. Скандавалі «свабоду палітвязням», «жыве Беларусь», «слава Украіне» і «Niech żyje Polska».