Да 2020 года супрацоўнікаў камітэта дзяржбяспекі больш цікавілі картачкі апазіцыйных чытачоў або тых, хто нейкім бокам стаў аб'ектам іх увагі. Зараз халодныя галовы, гарачыя сэрцы і зоркія вочы нашчадкаў Дзяржынскага цікавяць не менш і самі бібліятэкары. У іх правяраюць тэлефоны на прадмет падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы, лайкі або, не дай бог, каментары, якія тычацца самі ведаеце каго. Каб утрымацца на рабоце і наогул ацалець, супрацоўнікі бібліятэкі павінны мець абсалютна чыстыя тэлефоны.
Уважліва кантралююцца таксама справаводства, складанне метадычных дапаможнікаў, рэкамендацый, сцэнароў не толькі вышэйстаячым кіраўніцтвам, а яшчэ супрацоўнікамі КДБ. Патрабуецца ачысціць бібліятэкі і чытальныя залы ад літаратуры аўтараў-экстрэмістаў, у спіс якіх нават трапіў спачылы яшчэ 139 гадоў таму Дунін-Марцінкевіч.
Так што цяпер небяспечна ў бібліятэках чытачам запытваць пэўныя кнігі Дуніна-Марцінкевіча, Алексіевіч, Арлова, Някляева, ўжо не гаворачы пра Геніюш і Арсенневу. Мала таго, што чытачу іх не выдадуць, яны могуць аказацца ў кабінеце ці пад уважлівым наглядам КДБ.
Нагадаем, што пэўныя кнігі аўтарства Дуніна-Марцінкевіча, Алексіевіч, Арлова, Някляева, Геніюш і Арсенневай трапілі ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Такім чынам «распаўсюд ці захоўванне з мэтай распаўсюду» некаторых выданняў гэтых пісьменнікаў трапляе пад правапарушэнне па ч.2 ст.19.11 КоАП (з пункту гледжання сённяшніх беларускіх улад). Актуальны спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» даступны на сайце Мінінфарму па спасылцы.