16 жніўня разглядалася крымінальная справа 45-гадовага жыхара Баранавічаў Андрэя Халупкі. Ён рабочы — працаваў машыністам буравой устаноўкі. Мужчыну абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» паводле ч.1 арт.368 КК. Судовы працэс вяла суддзя Вікторыя Пакунова, паведамляе «Вясна».
Па матэрыялах абвінавачання, Андрэй Халупка, з дапамогай мабільнага тэлефона у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» у 2020, 2021 і 2023 годзе паставіў чатыры ўпадабайкі пад карыкатурнымі выявамі Аляксандра Лукашэнкі, на якіх ён быў паказаны ў выглядзе клоўна, малпы, а таксама разам з Уладзімірам Пуціным у катлаване, тым самым публічна, у адкрытым доступе абразіў прэзідэнта.
На судзе Халупка паказаў, што ставячы ўпадабайкі не думаў, што гэтым дапускае абразу, дадаў, што за гэта яму грошай ніхто не плаціў і дзейнічаў ён імпульсіўна.
Суд прызнаў Андрэя Халупку вінаватым і пастанавіў пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год у калоніі.
Таксама берасцейскай «Вясне» вядома, што над Халупкай у траўні прайшоў суд па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тады суддзя Іна Паўлоўская прысудзіла яму 10 содняў за тое, што ён нібыта на сваёй ФБ-старонцы распаўсюдзіў відэа з лагатыпам «Рэальная Беларусь».
Адрас для падтрымкі Андрэя: СІЗА №6, вул. Брэсцкая, 258В, г. Баранавічы, 225413 Андрэй Вадзімавіч Халупка.