2 гады калоніі прысудзілі ў Бярозе былому следчаму
За абразу Лукашэнкі
11 і 17 кастрычніка 2022 года ў судзе г.Бяроза разглядалі крымінальную справу ў дачыненні да экс-следчага Максіма Куроўскага. З дзяржслужбы ён звольніўся ў 2020 годзе. Мужчыну абвінавачвалі па ч.1 арт.368 Крымінальнага кодэксу (Абраза прэзідэнта Беларусі). Суддзёй выступала Наталля Вакульчык.
Па версіі абвінавачвання, паведамляе «Вясна», Куроўскі ў адным з чатаў месенджара «Telegram» наўмысна размяшчаў паведамленні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, непрыстойныя па форме і абразлівыя па змесце. Экспертызай устаноўлена, што паведамленні змяшчалі негатыўную ацэнку кіраўніка дзяржавы, прыніжалі ягоныя гонар і годнасць. Прычым, карыстаўся пры гэтым беларускай мовай.
У ліпені 2022 года Куроўскага затрымалі. Рашэннем суду ён мусіць адбыць 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму, а яго мабільны тэлефон канфіскаваны ў даход дзяржавы як сродак здзяйснення злачынства.