Навіны

Акцыя да Міжнароднага дня правоў чалавека ў Варшаве

Варшава, 7 снежня 2025
7 снежня 2025 года ў цэнтры Варшавы адбылася акцыя, прысвечаная Белавежскім пагадненням 8 снежня 1991 года і Міжнароднаму дню правоў чалавека 10 снежня.

Было шмат выступоўцаў, асабліва былых палітвязняў і рэпрэсаваных. Асаблівую ўвагу прыцягнуў выступ ксяндза Вячаслава Барка. Душпастыр гаварыў пра тое, што ў гэтым годзе спаўняецца 77 гадоў з таго моманту, як была прынята Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека:
— Беларусы Варшавы ўзгадваюць пра правы чалавека, будучы выгнанымі са сваёй краіны. На фоне таго, як перманентна, сістэматычна знішчаюцца правы чалавека ўнутры краіны. Што можна зрабіць? Дзеля таго, каб нашыя разважанні перараслі ў канкрэтныя дзеянні, каб урэшце рэшт на Беларусі пачалі шанаваць правы чалавека, каб нашыя правы, кожнага з нас былі таксама шанаваныя. Каб у нас было захавана права, усёй нашай нацыі, нашага народу беларускага на вольную, незалежную краіну.
Паводле Вячаслава Барка, крыніца правоў чалавека паходзіць з таго, што Гасподзь стварыў чалавека вольным, свабодным і разумным. І кожны з нас мае права быць такім. І тут ужо наш асабісты выбар: ці мы хочам быць свабоднымі, ці не хочам. Ці забыць сваю гісторыю, культуру, мову — альбо вызваліцца з нявольніка і стаць свабодным.
Алег Кулеша, 07.12.2025
Выступаў таксама былы палітвязень з Пружанаў, сябра Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша. Актывіст Вячаслаў Сіўчык ўспомніў настрой і падзеі пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў, калі Беларусь выйшла з няволі мірна (і як Лукашэнка потым «прадаў незалежнасць краіны за сваё крэсла»).

Нягледзячы на цяжкую сітуацыю, у якой апынуліся беларусы, Беларусь стане вольнай, а галоўным прыярытэтам на нашай Радзіме будуць правы чалавека, сказаў арганізатар акцыі Васіль Плешкуноў.
Варшава, 7 снежня 2025
Скончылася акцыя воклічамі «Жыве Беларусь!», «Свабоду палітвязням!» і агульным фота на памяць.
Made on
Tilda