Акцыя салідарнасці ў Варшаве з жанчынамі-палітвязнямі
12 сакавіка 2023 у цэнтры Варшавы ля помніка Каперніку прайшла акцыя салідарнасці з жанчынамі, якія знаходзяцца ў засценках беларускіх турмаў.
З надвор'ем не пашчасціла. Дзьмуў моцны вецер, але больш за паўсотні беларусаў Варшавы прыйшлі на акцыю. Як заўсёды, шмат бел-чырвона-белых сцягоў, у руках плакаты і партрэты жанчын-палітзняволеных. На адным з плакатаў было напісана, што на дадзены момант 191 жанчына за кратамі па палітычных матывах. Але, як сказаў адзін з удзельнікаў акцыі, жанчын, якія знаходзяцца у месцах зняволення, значна больш, і сапраўдныя лічбы стануць вядомы пасля перамогі.
На акцыі прысутнічалі дзеці Антаніны Кавалёвай. Дачушка Наста прачытала верш Рыгора Барадуліна «Верш пра маму». Таксама выступіла маці Антаніны Ганна Канавалава, якая расказала пра фізічныя і псіхалагічныя пакуты, што пераносяць жанчыны-палітзняволеныя. Яна заклікала рабіць усё, што дапаможа прыгожым, годным, разумным беларускам за кратамі пераносіць катавальныя ўмовы.
Сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Наталля Папкова распавяла пра адну з самых мужных у Беларусі жанчын-палітвязніц — нязломную Паліну Шарэнду-Панасюк. Нашу беларускую Жанну Д'арк, якая ў свой час дапамагла выстаяць самой Наталлі, калі сядзелі разам падчас барацьбы за адмену Дэкрэту аб дармаедах. Выступаючы анархіст Мікалай трымаў партрэт праваабаронцы Марфы Рабковай і нагадаў прысутным пра яе. Расказалі прысутным пра цвёрдую ў сваіх пазіцыях 65-гадовую палітзняволеную Алену Гнаўк. Жанчына, як перадаў яе цяпер ужо былы адвакат, здала фізічна, але не духоўна.
Гучалі песні, музыка, сугучная тэме акцыі. У канцы мерапрыемства побач з дарогай быў створаны ланцуг салідарнасці з нашымі высокароднымі змагаркамі, якія праходзяць праз мукі і здзекі турмы. Палякі чыталі плакаты, фатаграфавалі, адна з праходзіўшых жанчын заплакала. Са здымкаў на ўсіх глядзелі прыгожыя беларускі, яшчэ не змучаныя палонам.