Іншыя артыкулы

Чым вышэй у судовай сістэме, тым менш жанчын?

Разбіраемся, ці цяжка рабіць кар'еру жанчынам-суддзям у Беларусі

2026 год беларускія ўлады абвясцілі Годам беларускай жанчыны. З гэтай нагоды ў дзяржаўных медыях выходзяць артыкулы пра ўзорных жанчын — якія і сям'ю з дзецьмі цягнуць, і на працы вылучаюцца. Часам яшчэ ладзяцца экскурсіі для жанчын у менскую рэзідэнцыю Лукашэнкі.

На адной з такіх экскурсій былі сабраныя жанчыны-суддзі з розных куткоў краіны. Артыкулы ў дзяржмедыя наконт гэтай экскурсіі далі актуальныя дадзеныя па колькасці жанчын на ніжэйшых узроўнях судовай сістэмы, а таксама агулам у судовым корпусе.

Мы падлічылі таксама адсотак жанчын сярод суддзяў на кіруючых пасадах судоў раённага ўзроўню, і сярод кіруючых пасад судоў абласнога ўзроўню. А яшчэ зазірнулі ў гендарны склад Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Лічбы аказаліся неадназначнымі.

У сярэднім лічба жанчын сярод суддзяў складае 67%

Такія дадзеныя дае БелТА.

А на самым ніжэйшым узроўні — узроўні раённых судоў — жанчын каля 71%. Гэта таксама дадзеныя БелТА.

Але ўзначальваюць раённыя суды ў сярэднім 54% жанчын, вынікае з нашага аналізу. То бок заўважна менш, чым працуе ў тых саміх раённых судах.

Прычым адсотак старшынь-жанчын на ўзроўні раённых судоў вельмі розніцца ад вобласці да вобласці:
Далей прапануем паглядзець на кіраўніцтва наступнага ўзроўню судовай сістэмы — абласных судоў.

Адразу адзначым, што тут мы не будзем браць да аналізу эканамічныя суды (не таму, што яны неяк «псуюць» нам статыстыку — хаця 7 з 7 эканамічных абласных судоў узначальваюць выключна мужчыны). Эканамічныя суды для графікаў ніжэй мы не бралі, бо іх некарэктна наўпрост параўноваць з раённымі судамі: ў Беларусі няма эканамічных судоў раённага ўзроўню, гэта асобная галіна судоў у судовай сістэме краіны і пачынаецца толькі з абласнога ўзроўню.

Што жа тычыцца кіраўніцтва абласных судоў — колькі там жанчын? Калі аналізаваць толькі пасады старшынь, то 2 з 7 займаюць жанчыны. Гэта 29%.

Калі ж разглядаць кіраўніцтва абласнога суда як 4 чалавекі (старшыня, першы намеснік, намеснік па крымінальных справах, намеснік па грамадзянскіх справах), то жанчын у такіх чацвёрках усяго толькі 14%.

Бачылі на папярэднім інтэрактыўным графіке «анамальную» Віцебскую вобласць, дзе 80% старшынь раённых судоў былі жанчыны? Дык вось у абласным судзе Віцебскай вобласці 4 з 4 кіруючых пасад займаюць мужчыны.
Але ж тэндэнцыя на змяншэнне колькасці жанчын ламаецца на ўзроўні Вярхоўнага суда (ВС) ды Канстытуцыйнага суда (КС) — інстытуцый, якія ў дэмакратычнай краіне мелі б выконваць ролю абароны ад сваволля іншых галін улады, а служба на любой пасадзе у іх была б вельмі прэстыжнай. Шкада, што ў сённяшняй Беларусі суды не з'яўляюцца незалежнай галінай улады. Але прадстаўленасць жанчын у ВС ды КС імкнецца да сярэдняй па краіне колькасці жанчын сярод суддзяў (апроч калегіі па крымінальных справах ВС).

Так, калегія па эканамічных справах ВС мае 73.3% жанчын, калегія па інтэлектуальных справах ВС складаецца з 71.4% жанчын, калегія па грамадзянскіх справах ВС — 62.5% жанчын. І толькі ў крымінальнай калегіі ВС жанчын усяго 20%:
Атрымоўваецца, што да пэўнага ўзроўню для жанчын-суддзяў у Беларусі кар'ерны рост ідзе па пірамідзе: чым вышэй, тым менш жанчын. Гэтая тэндэнцыя бачна на ўзроўні раённа-абласных судоў ды іх кіраўніцтва.
Інфаграфіка Берасцейскай Вясны на падставе дадзеных Вярхоўнага суду, Канстытуцыйнага суду
Анамаліі таго, што ў Вярхоўным ды Канстытуцыйным судзе гендарны склад не адпавядае пірамідзе, верагодна тлумачыцца рознай логікай прызначэння ў суды розных узроўняў. У Канстытуцыйны ці Вярхоўны суд можна быць прызначаным, увогуле не маючы ранейшага досведу судовай дзейнасці. Яркі прыклад — сённяшні старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй Швед (да свайго прызначэння на пасаду старшыні Вярхоўнага суду ні дня не адпрацаваў суддзёй). У Канстытуцыйным судзе таксама ёсць падобныя гісторыі: сённяшні яго старшыня Сяргей Сівец раней не меў судовага досведу. Увогуле ж, па нашых падліках, 7 з 12 суддзяў сённяшняга складу Канстытуцыйнага суда ніколі раней не служылі суддзямі — хаця і мелі досвед выкладання права ці іншай працы, звязанай з юрыспрудэнцыяй ці заканадаўствам.

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
Made on
Tilda