Навіны

Берасцейскаму журналісту напісалі дзіўнае паведамленне

«Мяркую, гэбісты капаюць»
Алесь Ляўчук, які ўжо некалькі гадоў знаходзіцца ў выгнанні, днямі атрымаў незвычайнае паведамленне ў Telegram. Яму прапанавалі 100 еўра за заданне: зняць на відэа шэлтар у Беластоку. Падрабязнасці распавядае БАЖ.

Але праблема ў тым, што ў Беластоку няма шэлтара. А акаўнт, які прапанаваў «падзарабіць», прадставіўся «прыватным прадпрыемствам», але адмаўляўся назваць канкрэтную назву ды даць спасылку. І хутка перайшоў на агрэсіўны тон, калі журналіст стаў задаваць пытанні на ўдакладненне.

Ляўчук лічыць, што гэта праца беларускіх спецслужбаў. І яны рыхтуюць матэрыял пра смерць у Польшчы беларуса Уладзіміра Усера. Бо іншым беларусам у Telegram надоечы прыходзілі таксама дзіўныя паведамленні — просьбы «сказаць некалькі добрых словаў» пра «актывіста і палітвязня» Уладзіміра Усера. Але Усер не меў статуса палітвязня, бо не сядзеў у турме і з'ехаў з Беларусі, як толькі з'явілася крымінальная справа.

Усе гэтыя акалічнасці, на думку Ляўчука, гавораць пра тое што «гэта стыль гэбістаў».

Алесь Ляўчук — журналіст з Берасця. Вымушана з'ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, бо яго пераследвалі за журналісцкую дзейнасць. Працягвае працаваць па прафесіі за мяжой.
Made on
Tilda