Сыну Святланы ў СІЗА споўнілася 19 гадоў. Ён калісьці займаўся
ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пасля, каб быць у форме, хадзіў на тайскі бокс, у трэнажорную залу. Ягор скончыў каледж на газаэлектразваршчыка і месяц як працаваў па спецыяльнасці.
«Мы з мужам збіраліся на працу, пілі каву, а сын яшчэ спаў. І тут пачулі, што да нас пад’ехалі. Я ўбачыла, што стаіць тры ці чатыры чалавекі ў кашулях. «Мы прыйшлі па вашага сына», — кажуць. Пытаюся, што здарылася. «Ён быў заўважаны на акцыях». Я ўдакладніла, ці надоўга яго забіраюць. Адказалі, што на пару гадзін. Муж паехаў з сынам.
Бацьку і сына судзілі па артыкуле 293 КК (Удзел у масавых беспарадках). Па той справе адначасова судзілі 10 чалавек. Берасцейцаў абвінавачвалі ў тым, што яны здзейснілі пагромы ў горадзе, закідвалі міліцыю і
іх транспарт камянямі, тратуарнай пліткай, ёмістасцямі з фарбай, наносілі ўдары нагамі і рукамі. Працярпелымі праходзілі 29 чалавек. Прычыненай шкоды налічылі на 27 тысяч рублёў.
«Сын там у карцар трапіў, не ведаю, за што. У яго быў высокі ціск — 160 на 110. Гэта я даведалася, калі была на спатканні з ім. Ён напісаў, што здарылася, толькі дзяўчыне — напэўна, не хацеў мяне засмучаць. Разумееце, пакуль яны не выйдуць, я не буду нават мець уяўлення, што там адбывалася. На спатканні сыну казала: пакажы мне рукавы да лакцей. Хацела ўпэўніцца, што яго не білі».
Калі доўга няма лістоў, я заўсёды тэлефаную адміністрацыі і пытаюся, у чым справа. Калі ў калонію дазванілася, адразу лепш з перапіскай стала. Муж тады быў на каранціне, але яму дазволілі патэлефанаваць мне на 8 хвілін.
Ведаю, што маім ніхто не прапаноўваў складаць ніякія прашэнні аб памілаванні. Я ім казала ўжо: глядзіце самі, калі напішаце, ніхто не асудзіць, гэта ваша права. Сын адказаў тады: я нічога дрэннага не зрабіў для таго, каб прасіць памілавання. Але цікавіцца, канечне, ці не чуваць штосьці пра амністыю…