Пра людзей

«Я нічога дрэннага не зрабіў, каб прасіць памілавання»

«Кажу сыну: уяві, што ты знаходзішся ў арміі. У СІЗА цяпер, можа, нягоршыя людзі», — сумна жартуе Святлана Пракапчук. Яе мужу і сыну за пратэсты ў Брэсце 10 жніўня далі па 4 гады ўзмоцненага рэжыму. Нядаўна мужчын этапавалі ў калоніі.


Святлана жыве ў прыгарадзе Брэста, працуе бухгалтарам. З мужам яна разам 25 гадоў.

«Мы жылі непадалёк, пазнаёміліся праз нашага агульнага прыяцеля. Пасля пару разоў яшчэ перасякліся — і завязалася. Сваім клопатам, увагай, шчырасцю, любоўю ён мяне заваяваў».


Віталь працаваў слесарам. Майстар на ўсе рукі: дом, у якім жыла сям’я, мужчына будаваў сам.

Сыну Святланы ў СІЗА споўнілася 19 гадоў. Ён калісьці займаўся

ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Пасля, каб быць у форме, хадзіў на тайскі бокс, у трэнажорную залу. Ягор скончыў каледж на газаэлектразваршчыка і месяц як працаваў па спецыяльнасці.




«Ён браўся за любыя заданні, адказны, добрасумленны. Гэта тое, што я паважаю ў людзях, і вось такі ў мяне сын — мне не сорамна. Я ім ганаруся, і яму пра гэта пішу», — дзеліцца маці.

Міліцыя прыйшла па мужчын 19 жніўня з самага ранку.

«Мы з мужам збіраліся на працу, пілі каву, а сын яшчэ спаў. І тут пачулі, што да нас пад’ехалі. Я ўбачыла, што стаіць тры ці чатыры чалавекі ў кашулях. «Мы прыйшлі па вашага сына», — кажуць. Пытаюся, што здарылася. «Ён быў заўважаны на акцыях». Я ўдакладніла, ці надоўга яго забіраюць. Адказалі, што на пару гадзін. Муж паехаў з сынам.


Пазней Ягор набраў мяне з РУУС па гучнай сувязі. Паведаміў, што праходзіць па крымінальнай справе.

Мужу дазволілі ехаць дадому. А пасля мне пазванілі: падвязіце яго, трэба пагутарыць. Сказалі не чакаць, бо ён на некалькі дзён будзе змешчаны ў ІЧУ.

Але пасля ІЧУ абодвух не выпусцілі, змясцілі ў СІЗА Брэста. Доўга не магла прыйсці ў сябе, прызнаецца Святлана. Яна засталася з 11-гадовай дачкой адна.

«Я не верыла, што гэта ўсё сур’ёзна. Вельмі цяжка было ўзімку, калі намятала шмат снегу. Немагчыма было выехаць на машыне, разам з суседзямі расчышчалі дарогу. Брат мужа дапамагае, калі я з нечым не спраўляюся — пакасіць траву, па доме штосьці адрамантаваць».

Бацьку і сына судзілі па артыкуле 293 КК (Удзел у масавых беспарадках). Па той справе адначасова судзілі 10 чалавек. Берасцейцаў абвінавачвалі ў тым, што яны здзейснілі пагромы ў горадзе, закідвалі міліцыю і

іх транспарт камянямі, тратуарнай пліткай, ёмістасцямі з фарбай, наносілі ўдары нагамі і рукамі. Працярпелымі праходзілі 29 чалавек. Прычыненай шкоды налічылі на 27 тысяч рублёў.



10 сакавіка суддзя Вера Філонік агучыла вырак: па 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму для бацькі і сына.


«На судзе мне мужа не было відаць — канвой настолькі ачапіў клетку. Але бачыла сына. Ён усё глядзеў, каб я не плакала.

Я прапіла супакаяльныя і сапраўды трымалася на судзе. Ягор пасля пісаў: «Мам, ты ў мяне жалезная лэдзі, мы з татам былі ў захапленні». Хаця калі пракурор запрасіў тэрмін, я расплакалася, старалася маску нацягнуць як мага вышэй, каб закрыць вочы.

Ім там цяжэй — мяне пасля пасяджэння супакояць, а яны разыдуцца па камерах і будуць перажываць за мяне.

У мяне такое адчуванне часам складалася, што яны там больш ведаюць, чым мы тут. Заўсёды, калі яны нешта напішуць, то так яно і было. Яны так і казалі яшчэ да суда: гады чатыры нам дадуць".

Пасля суда мужчын перавялі ў СІЗА ў Баранавічах.

«Сын там у карцар трапіў, не ведаю, за што. У яго быў высокі ціск — 160 на 110. Гэта я даведалася, калі была на спатканні з ім. Ён напісаў, што здарылася, толькі дзяўчыне — напэўна, не хацеў мяне засмучаць. Разумееце, пакуль яны не выйдуць, я не буду нават мець уяўлення, што там адбывалася. На спатканні сыну казала: пакажы мне рукавы да лакцей. Хацела ўпэўніцца, што яго не білі».


Пра ўмовы за кратамі ні муж, ні сын асабліва не распавядаюць. «Мама, нам нельга, таму не распытвай», — асякаў размову Ягор. У СІЗА ў хлопца завязалася сяброўства з дзяўчынай па перапісцы. Яны дагэтуль пастаянна лістуюцца. Святлана стэлефаноўваецца з дзяўчынай практычна штодзень, каб абмяняцца навінамі.

У чэрвені мужчын этапавалі ў калоніі: Віталя — у Віцебск, Ягора — у Івацэвічы.

«У мужа з тыдзень этап быў. Дакладна спыняўся ў Гродна, бо адтуль мне прыйшло тры лісты.

Калі доўга няма лістоў, я заўсёды тэлефаную адміністрацыі і пытаюся, у чым справа. Калі ў калонію дазванілася, адразу лепш з перапіскай стала. Муж тады быў на каранціне, але яму дазволілі патэлефанаваць мне на 8 хвілін.


Ад сына доўга не было лістоў, і я ўжо думала, што ён у ШІЗА. Супрацоўнікі калоніі супакойваюць: «Ды вы не хвалюйцеся, калі сын у нас». Кажу: да вы што, у свеце апошніх падзей я якраз і хвалююся, што ён у вас. Там я дакладна не адчуваю, што ён у бяспецы.

Ведаю, што маім ніхто не прапаноўваў складаць ніякія прашэнні аб памілаванні. Я ім казала ўжо: глядзіце самі, калі напішаце, ніхто не асудзіць, гэта ваша права. Сын адказаў тады: я нічога дрэннага не зрабіў для таго, каб прасіць памілавання. Але цікавіцца, канечне, ці не чуваць штосьці пра амністыю…


Яны 10 месяцаў правялі ў СІЗА — звар’яцець. А ім яшчэ сядзець тры гады. Я не магу змірыцца з гэтай думкай".


Крыніца: Наша Ніва
Made on
Tilda