Не толькі забараніць жыць у краіне, але і абабраць да ніткі
Гісторыя Уладзіміра Хільмановіча — гэта паказальны прыклад новай рэальнасці трансгранічных рэпрэсій, дзе меч беларускага «правасуддзя» дасягае чалавека нават па-за фізічнымі межамі дзяржавы.
Калі ў канцы 2023 года супраць гарадзенскага праваабаронцы, журналіста, літаратара і публіцыста Уладзіміра Хільмановіча пачалі справу за «экстрэмізм», ён ужо знаходзіўся ў вымушаным выгнанні, пакінуўшы радзіму яшчэ ў 2021 годзе. Завочны працэс, які адбыўся ў жніўні 2024 года, прайшоў без яго ўдзелу — па так званай працэдуры «спецвытворчасци». Суддзя Ігар Собалеў прызнаў журналіста вінаватым у Садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт.361-4 КК) і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч.3 арт.361-1 КК), прысудзіўшы яго да пяці гадоў калоніі ды штрафу ў памеры 40 000 рублёў (каля 12 670 долараў). Апеляцыя, пададзеная ў Вярхоўны суд у кастрычніку 2024-га, выніку не дала — прысуд застаўся без зменаў.
Цяпер справа праваабаронцы перайшла ў новую эканамічную плоскасць.
Улады не проста пакаралі чалавека, яны пачалі ліквідаваць яго маёмасць, ператвараючы пакаранне ў інструмент фінансавага ціску. Нібыта для пакрыцця судовага штрафу быў накладзены арышт амаль на ўсю маёмасць. Была перапісана і прададзена бытавая тэхніка: тэлевізар, лядоўня і пральная машына. Быў выстаўлены на продаж старэнькі драўляны будынак на лецішчы ў вёсцы Навасёлкі, які фігураваў у дакументах як «сельскі клуб», ацэнены ў $1 680. Яго спрабавалі прадаць на аўкцыёне ўжо 4 разы, апошні раз 12 траўня 2026 года, але пакуль пакупнікоў не знайшлося. Гаспадар не ведае, калі будзе зроблена спроба прадаць яго паўторна. А на пачатку 2026 года была падрыхтаваная да продажу двухпакаёвая кватэра Хільмановіча на вуліцы Церашковай у Гродне плошчай 50 кв.м., дзе таксама зарэгістраваны і яго дарослы сын. Дзяржаўнае прадпрыемства «БелЮрЗабеспячэнне», якое ўваходзіць у сістэму Міністэрства юстыцыі, ацаніла яе ў 126 000 рублёў (каля 44 000 долараў).
Такім чынам Хільмановіч апынуўся ў сітуацыі абсурду: штраф у тры разы меншы за кошт яго ж кватэры, і тэарэтычна рэшта грошай павінна вярнуцца яму. Але, як ён сам заўважыў, у яго няма рахункаў у беларускіх банках, і калі ён не забярэ гэтыя грошы, іх проста канфіскуюць. Гандаль жа жыллём быў прызначаны на 26 траўня бягучага года.
Здаецца, з пункту гледжання фармальнай працэдуры продаж маёмасці па запазычанасці — гэта стандартнае выканаўчае дзеянне, прапісанае ў інструкцыі, якое пачынаецца аўтаматычна, калі ў асуджанага няма іншых сродкаў пагасіць штраф. Аднак першаснае значэнне мае тое, што сам крымінальны пераслед і вынясенне завочнага прысуду з'яўляюцца актамі палітычнай помсты. Таму продаж маёмасці выступае не як механізм спагнання доўгу, а як спроба пазбавіць чалавека апошняй сувязі з радзімай — нават таго, што адначасова з'яўляецца адзіным прытулкам для яго сына. Гэта гісторыя, дзе юрыдычны фармалізм служыць прыкрыццём для грубай палітычнай расправы, якая не мае межаў.
Праваабаронцы «Вясны» падтрымліваюць свайго калегу і будуць рабіць усё, каб скрадзеная рэжымам маёмасць вярнулася гаспадарам, калі мы вернемся дадому.