Навіны

Беларусы Польшчы перакрылі пункт пропуску на польска-беларускай мяжы

4 ліпеня каля 10 чалавек з Варшавы і Беластоку прыехалі на пункт пропуску Кукурыкі-Казловічы і правялі акцыю. Дазвол ад польскіх ўладаў на правядзенне акцыі дзейнічаў з 9 гадзін да 18.00, але акцыя была спынена а 15 гадзіне. Падчас акцыі беларусы даслалі мэсадж цывілізаваным краінам і беларускаму рэжыму, што так не можа быць у XXI веку, каб рэжым катаваў беларусаў ужо 4 гады толькі за тое, што праз мірныя пратэсты людзі змагаліся за перамену ўлады, калі ўбачылі, што скралі іх галасы пад час прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Акрамя вызвалення беларускіх палітвязняў, удзельнікі акцыі патрабавалі спынення міграцыйнага крызісу.

Кожныя паўгадзіны ўдзельнікі пікету выходзілі на частку дарогі, якая вяла з Беларусі, і перакрывалі яе для руху фур. Праз паўгадзіны рух грузавога транспарту аднаўлялі. Але гэта не тычылася асабістага транспарту, які рухаўся без перашкод.

На ўскрайку дарогі стаялі вялікія партрэты палітвязняў, удзельнікі пікета трымалі бел-чырвона-белы сцяг, у руках плакаты, дзе на ангельскай і польскай мовах гаварылася пра мэту акцыі беларусаў.

Насупраць пікетоўцаў, на супрацьлегым баку дарогі стаяла група палякаў з памежных мястэчак, якая паводзіла сябе досыць агрэсіўна. Яны абураліся, што беларускія пікетоўцы перакрываюць дарогі ў Польшчы, а не ў Беларусі, што за стырном фур сядзяць беларусы ў асноўным. Маўляў, чаму павінен праз гэта цярпець іх бізнес. А ў гэтых палякаў бязвізавы рэжым. Яны ездзяць свабодна ў Беларусь на запраўкі. Пры гэтым сарамацілі і крычалі на паліцэйскіх, размахваючы перад імі рукамі, абвінавачвалі іх у карупцыі. Паліцэйскія ім спакойна гаварылі пра тое, што так паводзіць сябе нельга, указалі на тое, што яны не маюць дазволу на пікет, які па сутнасці праводзяць. Палякі, якія сабраліся на гэтым імправізаваным пікеце заявілі, што не хочуць слухаць пра палітыку і вінавацілі ў вайне з Украінай і канфлікце на мяжы Еўропу. Маўляў, каб заплацілі Еўропа некалькі мільёнаў Лукашэнку, то на мяжы было б ціха. Крычалі, што іх не цікавіць палітыка, а толькі справы, якія прыносяць ім грошы. Дарэчы, быў прыемны момант, калі паляк з сынам прывезлі ўдзельнікам акцыі некалькі ўпаковак вады, яны сказалі, што добра разумеюць беларусаў і асуджаюць сваіх землякоў за іх бязглуздыя паводзіны.

Адзін з беларускіх кіроўцаў на фуры вінаваціў у іх цяжкай сітуацыі беларускія і расійскія вярхі. Стаіць ён пяты дзень, да пункту пропуску яшчэ больш 30 кіламетраў. Мінулым разам ён стаяў 8 дзён. Цяпер у спёку стаяць ім вельмі цяжка, а працаваць у Беларусі задарма ён не хоча. Па яго словах, палякі прапускаюць вельмі памалу і ён разумее, чаму. Таму хоча, каб Пуцін і Лукашэнка спынілі агрэсію. Дарэчы, пра тое самае казаў і расійскі кіроўца прыватнага аўто. Праўда, сітуацыя з прыватнымі аўто на мяжы менш складаная ў пункце пропуску ў Тэрэспалі, стаяць ім прыходзіцца суткі, бывае крыху больш, а вось грузавы транспарт расцягнуўся на адлегласць да 50 кіламетраў.

Па словах удзельнікаў пікеты, яны не спыняцца да таго часу, пакуль беларускія ўлады не выканаюць іх патрабаванняў, і надалей будуць праводзіць акцыі пратэсту.

Дарэчы, 3 ліпеня, як стала вядома, былі выпушчаны не меней за 16 палітзняволеных. Выпусціць усіх палітвязняў, як сказаў адзін з галоўных арганізатараў гэтай акцыі Зміцер Балкунец, выгадна найперш самому Лукашэнка.
2024-07-05 11:01