Навіны

Паліну Шарэнда-Панасюк этапавалі назад у СІЗА Гомеля

Там яе адразу ж змясцілі ў карцар
Паліна Шарэнда-Панасюк, калі знаходзілася ў калоніі №24. Скрыншот відэа дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»
Як паведаміў муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда, 9 верасня 2024 года па (чарговай) справе Паліны скончыліся ўсе следчыя дзеянні. І ў той жа дзень яе азнаёмілі з крымінальнай справай. Хаця яна прасіла даць ёй на знаёмства больш часу. Гэта значыць, што Паліне канчаткова высунулі абвінавачванне па ч.1 арт.411 КК (Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). На гэтым тыдні справа палітзняволенай патрапіць у пракуратуру, а пазней — у суд для разгляду. Суд адбудзецца ў бліжэйшыя некалькі тыдняў ці на працягу месяца.

Сёння, 11 верасня, стала вядома, што Паліну ўжо этапіравалі з ІЧУ горада Рэчыцы назад у СІЗА №3 Гомеля. «Гэта значыць, чарговы пякельны этап, чарговае псіхалагічнае выпрабаванне», — кажа Андрэй Шарэнда.

Родныя патэлефанавалі ў гомельскае СІЗА, каб даведацца наконт здароўя палітзняволенай і магчымасці перадаць перадачу, але ім адказалі, што Паліна змешчана ў карцар на 10 дзён. Дзе ўмовы кепскія зусім. Паліна не атрымае добрай ежы з дому, не атрымае вітамінаў у выглядзе свежай садавіны і гародніны. Яна будзе і надалей толькі на турэмным бедным рацыёне. Па словах Андрэя, фізічны і псіхалагічны стан Паліны кепскі, паколькі пастаянна знаходзіцца ў катавальных умовах і пад страшным ціскам.

Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт.411 КК. Апошні тэрмін мусіў скончыцца 21 траўня 2024 года, але ў дзень вызвалення родныя даведаліся, што Паліна знікла з калоніі. Як пазней апынулася, яе змясцілі ў гомельскае СІЗА.
Made on
Tilda