Навіны

Не знойдзеце работу — пойдзеце у ЛПП

Магілёўскі Лячэбна-працоўны прафілакторый №6. Фота: Вясна
З такімі словамі ў лістападзе-2023 звярнуўся да «хатніх» хімікаў начальнік Івацэвіцкага РАУС у прысутнасці прадстаўнікоў райвыканкама і мясцовых прадпраемстваў, пасля таго, як асуджаныя па непалітычных артыкулах паскардзіліся, што іх нідзе не бяруць на працу.

Прапанавалі памочнікам рабочым у калгас з заробкам 300 рублёў. Ніхто з «хімікаў» такой прапановай не захапіўся, бо немагчыма пражыць і пракарміць сям'ю за гэтыя грошы. Ды яшчэ ж ездзіць трэба, а для гэтага патрэбны і час, і грошы. Была таксама прапанова пайсці ў калгас даіць кароў. Заробак нібы ў 1000 рублёў. Калгас з такім заробкам, дзе патрэбны даяркі, не назвалі. Бо, напэўна, з такім заробкам і мясцовыя пайшлі б. Хаця пры цяперашніх цэнах нават і 1000 невялікія грошы, калі ўлічыць, што праца без выходных, на работу дабірацца ні святло, ні зара, і сям'і бачыць не будзеш. Яшчэ была прапанова поварам у дзіцячы садок за 500 рублёў. Але сярод хімікаў повараў не аказалася.

Тады начальнік Івацэвіцкага РАУС успомніў, што на базе ліквідаванай выпраўленчай калоніі №5 1 студзеня 2024 года адчыняецца ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый МУС) і паабяцаў туды змясціць беспрацоўных «хімікаў»: і работа будзе, і пад бокам у міліцыянтаў, якія кантралююць і перавыхоўваюць асуджаных.

Па словах асуджаных да «хатняй» хіміі, яны б і рады працаваць, але іх па месцу жыхарства не бяруць. А недзе ехаць за 300 рублёў няма ніякага рэзону, хочацца працаваць за нармальны заробак.
Made on
Tilda