Навіны

«Перадавыя» мужчынскія калоніі па перавыхаванню палітвязняў

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pexels.com
Сумныя весткі прыходзяць з Новаполацкай калоніі №1 і Шклоўскай №17. Адміністрацыям гэтых калоній можна аддаць пальмавую галінку першынства па вынаходніцтву метадаў «перавыхавання» вязняў, асабліва палітычных. Тут і ШІЗА, і ПКТ, і прафілактычны ўлік — экстрэмісцкі спіс, куды адпраўляюць палітычных ні за што. Забарона кантактаў з палітвязнямі, скарачэнне атаваркі да адной базавай, пазбаўленне відэазванкоў і наогул сувязі з роднымі, катаванне голадам, холадам.

Але адміністрацыям падалося гэтага замала. Каб застрашыць да паўсмерці, каб выбіць з палітычных усё чалавечае і ператварыць у зомбі, адміністрацыі вышэйпералічаных калоній правакуюць палітычных, каб загнаць іх у «пеўневы» вугал. То-бок ператвараць іх у людзей з «нізкім сацыяльным статусам», зрабіць адрынутымі. Напрыклад, застаўляюць выкаціць з барака смеццевы бак, ці падашлюць, каб «нізкастатусны» асуджаны стукнуў палітычнага па плячы, ці палітвязень нібыта выкарыстаў унітаз нізкастатусных, ці падняў упаўшы ля сметніцы дарагі сабе прадмет — гэта можа быць фатаграфія жонкі, дзяцей ці нацельны крыжык — і ты ўжо залічаны ў «пеўневы» вугал. А тваё жыццё апынулася за межамі турэмнага быту. Абедаеш у асобным вуглу, за асобнымі сталамі, глядзіш тэлевізар стоячы, у турэмным калідоры ўціскаешся ў сцяну, калі вядуць нармальнага зэка, з табой перастаюць размаўляць і кантактаваць сябры, якія яшчэ ўчора дзялілі лусту хлеба. Ты можаш кантактаваць цяпер толькі з нізкастатуснымі. Гэта страшнае прыніжэнне чалавечай годнасці, гэта псіхалагічнае знішчэнне асобы. Ім не пагражаюць сэксуальным гвалтам, але яны ў касце «апушчаных».

Калісьці ў турмах і калоніях толькі «аўтарытэты» адпраўлялі ў касту «апушчаных» па артыкулах за сексуальнае насілле, геяў і іншыя цяжкія правіннасці сярод вязняў. Цяпер жа перахапіла гэтую функцыю адміністрацыя, якой усё здаецца недастатковымі метады катавання, што тычацца палітзняволеных.

Вызваленыя палітвязні раяць добра вывучыць правілы воўчай зграі, каб жыццё ў месцах зняволення не ператварылася ў суцэльнае пекла. Трапіў у воўчую зграю — вый па-воўчы. Так беларускія выпраўленчыя ўстановы выпраўляюць ад усяго чалавечага.
Made on
Tilda