Праваабаронца «Вясны» публічна заклікаў улады вызваліць цяжарную палітзняволеную з Берасця
Нядаўна стала вядома, што палітзняволеная Наталля Левая зацяжарыла ў калоніі. Праваабаронца Леанід Судаленка запісаў публічны відэзварот да беларускіх уладаў, дзе просіць памілаваць жанчыну:
«У Беларусі дзіця можа нарадзіцца ў турме. [..] Яго маці сядзець яшчэ каля 4 гадоў. Гэта першае дзіця палітзняволенай, якое можа нарадзіцца ў турме. [..] Дзіця ні ў чым не вінавата! Яно не выбірала ні гэтую краіну, ні гэтую турму. Роды — гэта не частка пакарання. Месца цяжарнай жанчыны — дома, побач з сям'ёй і наглядам лекараў — а не канваіраў. [У год беларускай жанчыны] памілуйце маці і яе яшчэ ненароджанае дзіця».
Нагадаем, што па паведамленнях палітзняволеных, якія былі разам з Левай у калоніі, Наталля зацяжарыла пасля спаткання з мужам. Пара доўга хацела дзіця, але ў іх гэта не атрымоўвалася. Роды чакаюцца ў сакавіку. Самой Наталлі застаецца адбыць яшчэ каля 4 гадоў тэрміна, яе асудзілі за данаты.
Што адбываецца з дзецьмі, якія нараджаюцца ў калоніі?
Да 3-гадовага ўзросту яны знаходзяцца побач з матулямі ў калоніі, для гэтага на тэрыторыі ўстановы ёсць «Дом маці і дзіцяці». Праз паўгода пасля родаў (а часам і раней) зняволеных жанчын прымусова вяртаюць да працы ў калоніі (на фабрыцы), спаць з дзецьмі нельга. Калі дзіцёнку спаўняецца тры гады, яго альбо перадаюць сваякам, альбо змяшчаюць у дзіцячы дом.