Навіны

Беларускіх міліцыянтаў усё «б'юць», а яны на гэтым зарабляюць

Даведаліся падрабязнасці крымінальнай справы ў Маларыце
У год жанчын як не звярнуць увагі на гучны выпадак у Маларыце — невялікім раённым гарадку на мяжы з Украінай. Назвы артыкулаў у медыя больш, чым грозныя: «До 7 лет тюрьмы. Женщина на электровелосипеде попала в изолятор после встречи с ГАИ в Малорите», «Жительница Малориты подралась с инспектором ГАИ — ей грозит до 7 лет лишения свободы». Дайшла інфармацыя да маларытчан, што цяпер жывуць за мяжой. Яны і падзяліліся з намі падрабязнасцямі. Бо у Маларыце ўсе адно аднаго ведаюць і навіны разлятаюцца ў імгненне вока.

Фігуранткай навін аказалася 48-гадовая Кацярына — былая памежніца, маці трох дзяцей, якіх па волі лёсу гадавала і гадуе сама. Самай малодшай дачцы — 10 гадоў. Як паведамлялі міліцыянты, жанчына ехала на элекраровары. Сцвярджаюць, што ехала па праезджай часці дарогі, чым стварала небяспеку для ўдзельнікаў руху і таксама ўласнаму жыццю і здароўю. Супрацоўнікі ДАІ, маўляў, зрабілі заўвагу, аднак жанчына адрэагавала агрэсіўна, аказала супраціў міліцыі і ўдарыла міліцыянта.

Але людзі бачылі іншую карціну і нават знялі на відэа. Жанчына везла пакупкі з недалёкай крамы. Сапраўды спачатку не адрэагавала, яна падумала, што сігналіі кіроўцам, а калі ўбачыла, што бягуць міліцыянты за ёю, то кінула ровар, пакеты з пакупкамі і стала бегчы дадому, які быў побач. Яе дагналі, павалілі спецпрыёмам на зямлю і «пачалі разбірацца». Як расказвалі тыя, што здымалі на відэа, жанчыну павалілі на брудную зямлю, інцыдэнт быў 16 снежня, адзін з міліцыянтаў скакаў па спіне, каб «суцішыць» жанчыну і зашчоўкнуць наручнікамі рукі. Калі пачалі перамазаную, раскатурханую жанчыну падымаць з зямлі, каб укінуць ў свой аўтамабіль і адвезці ў бальніцу, жанчына аднаго з іх, казалі, злёгку штурхнула ў плячо. Паводле відавочцаў, затрымлівалі наогул брутальна.

Завезлі ў бальніцу на праверку ў арганізме алкаголю. Пасля Кацю забралі на трое сутак у берасцейскі ізалятар. Праз трое сутак судзілі па адміністрацыйнай справе за непадпарадкаванне міліцыі і пакаралі, як гавораць у горадзе, 30 базавымі, што складае 1260 рублёў. А калі яшчэ знайшлі ў тэлефоне падпіску на Латушку і Радзіну, то судзілі паўторна таксама па адміністрацыйнай справе і пакаралі яшчэ 10 базавымі (420 рублямі). Жанчына штрафы заплаціла і лічыла, што інцыдэнт вычарпаны. Але не тут-та было. Удагонку тыя, хто павінен служыць абароне грамадзян-падаткаплацельшчыкаў, вырашылі за адно і тое непадпарадкаванне пакараць двойчы. Цяпер ужо па крымінальнаму артыкулу 364 КК РБ, акрамя ўсяго свае прэтэнзіі цяпер ужо заявіў так называемы «пацярпелы». Яго фізічныя пакуты ацэнены служывым у 2000 рублёў. Калі сапраўды была нанесена фізічная траўма, то чаму, лагічнае пытанне, так доўга чакаў.

Цяпер шматдзетнай маці пагражае арышт, ці абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, ці пазбаўленне волі, то-бок турэмнае зняволенне на тэрмін да 7 гадоў.

Усіх здымаючых на відэа знайшлі, прымусілі выдаліць з інтэрнэт-прасторы і знішчыць відэа на прыватных носьбітах. Слядоў беспадстаўна жорсткага затрымання міліцыяй Кацярыны няма: сцерлі, вычысцілі з носьбітаў, але з памяці тых, хто здымаў, не вычысціш. І калі цяпер баяцца людзі стаць сведкамі, то стануць пазней, калі зменяцца часы, а часы могуць памяняцца раптоўна: жыццё і гісторыя — рэчы непрадказальныя.

А цяпер вернемся на 10 гадоў назад, каб даведацца, чаму Каця, кінуўшы дарагі ровар і два пакеты з пакупкамі, пачала ўцякаць ад міліцыянтаў дадому, які быў зусім блізка. Тады 38-гадовая Кацярына перабягала дарогу вечарам са свайго ларка, а яна была прадпрымальніцай, дадому праз дарогу. Пераход быў далёка, машын не было. У Маларыце, дарэчы, адзін гарадскі аўтобус і адно рэгулюемае перакрыжаванне. Любімы від транспарту гараджан — ровары. То бок жанчына, пераходзячы дарогу наўпрост, нікому не пагражала, бо дарога была пустой. Канешне, мы не будзем казаць, што не трэба прытрымлівацца правіл дарожнага руху, але чаго грэх утойваць, гэтым грашаць многія маларытчане, а б'юць толькі Кацю. Тады Каця трапілася на вочы пазаведамственай ахове і яе моцна пабілі за парушэнне. Пры чым тут пазаведамственная і дарожны рух? Відаць, зуб мелі хлопцы на Кацю. Напэўна, яшчэ з тых часоў, калі Каця служыла на мяжы. Пасля першага збіцця засталася ў жанчыны псіхалагічная траўма — страх перад міліцыяй, як бачым, на доўгія гады. Таму такая рэакцыя была ў Каці 16 снежня 2025 года.

А Каця пад хатнім арыштам чакае суда.

І гэта ў год жанчыны.

Чытайце таксама:
2026-03-11 21:12