Навіны

Палітвязень Антон Малюга накіраваны ў калонію Наваполацка

Яго асудзілі да калоніі праз фота і паведамленні ў першыя дні вайны

Антон Малюга. Фота: сацсеткі

Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», палітзняволены Антон Малюга накіраваны адбываць пакаранне ў калонію №1 (г. Наваполацк).

Нагадаем, што 33-гадовы жыхар Драгічына асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вырак вынес суддзя Берасцейскага абласнога суда Мікалай Сянько. Мужчыну абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт.361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч.1 арт.375-1 (незаконныя збіранне звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты). Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён 27 і 28 лютага 2022 «збіраў каля Пінску звесткі аб размяшчэнні вайсковых частак», на мапе Беларусі адзначыў месца размяшчэння вайсковых частак і скінуў яе чалавеку ва Украіне, а таксама паведамленні ў «экстрэмісцкі» тэлеграм-бот. Судзілі Антона Малюгу ў закрытым судовым працэсе.

Дома палітвязня чакаюць сям'я і бацькі.
2022-12-06 12:00