Навіны

Амаль 7 тысяч рублёў. Яшчэ 2 выпадкі, калі з хлопцаў хочуць спагнаць грошы за навучанне

Палітвязні не адпрацавалі "размеркаванне", бо сядзяць за кратамі


Палітвязні Андрэй Тарасавец ды Ягор Пракапчук бясплатна адвучыліся ў берасцейскім прафесійным ліцэі будаўнікоў. Паводле ўмоваў навучання за кошты бюджэту, пасля вучобы хлопцам належала адпрацаваць на вызначаных прадпрыемствах "па размеркаванні".

Ягор большую частку размеркавання "паспеў" адпрацаваць перад тым, як апынуцца за кратамі. Сядзіць ён з 19 жніўня 2020. Яму прысудзілі 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму з-за акцыі пратэсту 10 жніўня 2020. Дарэчы, па гэтай жа крымінальнай справе асуджаны і яго бацька: таму таксама прысудзілі 4 гады.

А 4 сакавіка 2022 суд Брэсцкага раёну разглядаў іск будаўнічага ліцэя да Ягора. У судовым рашэнні гаворыцца, што з працы хлопца звольнілі праз уступленне ў моц прысуду, з-за якога Ягор не можа працаваць. Такім чынам палітвязень не адпрацаваў цалкам "размеркаванне", зрабіла выснову суддзя Кацярына Рамашка, ды пастанавіла: Пракапчук мусіць заплаціць 453 рублі дзяржаве за навучанне (ды яшчэ 64 рублі за тое, што іск ад ліцэя быў разгледзены судом).

Скрыншот часткі судовага рашэння па іску да Тарасаўца Андрэя

У рашэнні суду наконт Тарасаўца ўвогуле не ўзгадваецца ніякае зняволянне. Там проста сказана, што хлопец быў размеркаваны да працы на прадпрыемства — але ж працу не пачаў "без паважлівых прычынаў". Хаця хлопец за кратамі па палітычнай справе, яго асудзілі з-за той жа акцыі пратэсту 10.08.2020 ў Берасці. Але ж суддзя Анастасія Бразінская з Маскоўскага суду Берасця 6 траўня 2022 пастанавіла: Андрэй мусіць вярнуць дзяржаве грошы. 5996 рублёў за навучанне, ды 299.80 рублёў за разгляд судом іску да яго самаго.

Адкуль берасцейская "Вясна" ведае прозвішчы фігурантаў іскаў ды прозвішчы суддзяў?
Прозвішчы атрыманы з адкрытых крыніц: раскладу судовых паседжанняў за адпаведныя дні, а таксама з тэксту судовых рашэнняў з банку судовых рашэнняў.

На сённяшні дзень берасцейскай "Вясне" вядома ўжо пра тры выпадкі, калі з палітвязняў суд пастанавіў спагнаць грошы за навучанне. Якаў Шафарэнка скончыў той жа ліцэй, ды з-за знаходжання ў СІЗА й калоніі таксама не адпрацаваў "размеркаванне". З Якава суд пастанавіў прымусова спагнаць 3785.25 рублёў.
Made on
Tilda