Навіны

Беларускія журналісты выйгралі справу супраць Беларусі ў ААН

Сярод 4 заяўнікаў — 1 журналістка з Бярозаўскага раёну
Тамара Шчапёткіна, крыніца фота БАЖ
Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, камітэт Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека разгледзеў звароты 4 беларускіх журналістаў і прызнаў Беларусь вінаватай у парушэнні іх правоў.
Сутнасць іх скаргаў палягала ў тым, што Беларусь парушыла правы журналістаў на свабоду выказвання думкі. Краіна прыцягнула гэтых журналістаў да адказнасці і наклала на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюджванне прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.
Заяўнікамі былі журналістка Тамара Шчапёткіна з Бярозаўскага раёну, а таксама журналісты Ларыса Шчыракова, Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач. Яны падалі свае індывідуальныя скаргі ў ААН з 2016 да 2018 гг. Іх інтарэсы прадстаўлялі праваабаронцы Павел Левінаў і Леанід Судаленка.

14 сакавіка 2023 года Камітэт разгледзеў іх скаргі па сутнасці.

У Камітэце адзначылі, што частка трэцяя артыкула 19 Пакта дазваляе абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў, у тым ліку свабоды выказвання і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бяспекі або грамадскага парадку, або здароўя і маральнасці насельніцтва.

Камітэт прапанаваў Беларусі прадэманстраваць, што абмежаванні правоў журналістаў у адпаведнасці з артыкулам 19 Пакта былі неабходнымі і прапарцыянальнымі. На што атрымаў адказ ад уладаў Беларусі, што ўсе журналісты быццам бы парушылі ўнутрыбеларускі Закон аб СМІ і працавалі без акрэдытацыі.

Як зазначае Камітэт, пакаранні ўладамі Беларусі журналістаў грунтаваліся на ўнутраным праве. Аднак ні дзяржава, ні нацыянальныя суды не далі тлумачэнняў таго, чым такія абмежаванні былі апраўданыя ў адпаведнасці з умовамі неабходнасці і прапарцыянальнасці, як выкладзена ў частцы 3 артыкула 19 Пакта, і ці накладзеныя пакаранні (г.зн. адміністрацыйныя штрафы), нават калі грунтаваліся на законе, былі неабходныя і прапарцыйныя і ў адпаведнасці з любой з законных мэтаў, пералічаных у згаданым палажэнні. Таму ён робіць выснову, што правы аўтараў у адпаведнасці з часткай 2 артыкула 19 Пакта былі парушаныя.

Такім чынам, вырашыў Камітэт, было парушана законнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю (замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Цяпер беларускія ўлады абавязаныя кампенсаваць журналістам не толькі сплочаныя імі штрафы, але і судовыя выдаткі, якія панеслі журналісты. Таксама Камітэт пастанавіў, што Беларусь абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў, якія могуць адбыцца (шляхам змены Закона аб СМІ).
Made on
Tilda