21 кастрычніка 2022 года цалкам адбыў пакаранне палітвязень Алег Філіпаў. Вядома, што 14 кастрычніка 2021 года хлопца асудзіў берасцейскі суддзя Яўген Брэган па ч.2 арт.368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) за надпісы на фасадзе дома. Да суду амаль 3 месяцы Алег правёў ў СІЗА. Пракурор Аляксандр Бацюшка патрабаваў пакаранне ў выглядзе зняволення, так што суддзя прызначыў паўтары гады калоніі.
Пакуль Алег адбываў пакаранне, яго ўняслі ў «Спіс асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» (падставай МУС указаў прызначаны хлопцу прысуд па артыкулу 368).
Што адзначае ўключэнне ў спіс «экстрэмістаў?»
Калі коратка, то пасля зняцца ці пагашэння судзімасці, яшчэ 5 год чалавеку нельга займаць дзяржаўныя пасады, займацца настаўніцкай дзейнасцю, а да грашовых пераводаў чалавека будзе асаблівая ўвага.
Адбываць пакаранне Алега накіравалі ў шклоўскую калонію №17. З улікам пераліку дзён у СІЗА (адзін дзень у СІЗА залічваецца як паўтары дні ў калоніі), Алег мусіў выйсці адтуль 21 кастрычніка 2022 года. Па інфармацыі берасцейскай «Вясны», у гэты дзень 23-гадовы хлопец цалкам адбыў пакаранне ды выйшаў на волю.