Іншыя артыкулы

Топ 5 аргументаў супраць смяротнага пакарання

На першай выяве на фота: злева берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін, справа — на дадзены момант палітзняволены Сяргей Пятрухін

10 кастрычніка ва ўсім свеце адзначаецца Дзень супраць смяротнага пакарання. Нагадаем, што Беларусь з'яўляецца адзінай(!) краінай у Еўропе, дзе ўсё яшчэ выконваюцца смяротныя прысуды. Больш за тое, пасля 2020 году заканадаўства па смяротнаму пакаранню змянілася ў горшы бок: зараз стала больш падставаў, па якіх могуць прысудзіць "вышэйшую меру".

Але ж што не так з ідэяй асуджаць да смерці ў 21-м стагоддзі? Прыводзім аргументы на выявах вышэй. А ніжэй тэкставая версія:

Аргумент №1: Судовыя памылкі

Пазбегнуць памылак немагчыма. Незалежна ад таго, якія працэсуальныя гарантыі ўбудаваны ў судовую сістэму і якімі б ні былі дасягненні навукі і тэхналогіі, гэтай сістэмай заўсёды будуць кіраваць людзі — а людзям уласціва памыляцца. І гэтыя памылкі адбываюцца нашмат часцей, чым гэта сабе ўяўляе большасць.

Такія памылкі ўласцівыя для постсавецкага рэгіёну, дзе ў Расійскай Федэрацыі за здзяйсненне серыі забойстваў пакаралі смерцю Аляксандра Краўчанку, аднак пазней аказалася, што сапраўдны забойца Андрэй Чыкаціла.

Калі ў чалавека адабранае жыццё ў выпадку памылкі, вярнуць яго немагчыма.

Аргумент №2: Неэфектыўнасць у папярэджанні планаваных злачынстваў

Можна пачуць меркаванні, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Маўляў, перад там як зрабіць нешта супрацьзаконнае, чалавек будзе значна больш вагацца, ды (магчыма) перадумае.

Але ж гэта не так. Тых людзей, якія сапраўды загадзя плануюць злачынства, стрымлівае не суровасць пакарання, а верагоднасць таго, што іх зловяць і асудзяць.

Больш за тое, гіпотэза пра "стрымліваючы" эфект смяротнага пакарання не пацверджаецца ані статыстычнымі, ані навуковымі дадзенымі. А шырокае даследаванне, праведзенае для Камітэта ААН па папярэджанні злачыннасці ў 1988 г. (абноўленае ў 1996, 2002 гг.), прыйшло да высновы: «дадзенае даследаванне не змагло прадставіць навуковых доказаў таго, што прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў аказвае большы стрымліваючы ўплыў, чым пажыццёвае зняволенне».

Аргумент №3: Неэфектыўнасць у папярэджанні незапланаваных злачынстваў

Што жа тычыцца незапланаваных злачынстваў, то на іх колькасць таксама не ўплывае наяўнасць смяротнага пакарання.

І гэтаму ёсць тлумачэнне: незапланаваныя злачынствы часта адбываюцца праз эмоцыі, ва ўмовах стрэсу. Нярэдка пад уздзеяннем алкаголю ці іншых рэчываў, якія зніжаюць здольнасць лагічна мысліць ды прымаць рацыянальныя рашэнні. Ва ўсіх гэтых выпадках людзі проста не думаюць аб тым, што будзе пасля, яны не думаюць пра магчымае пакаранне.

Асноўнымі фактарамі, якія правакуюць злачыннасць, з'яўляюцца беднасць, неадукаванасць, няроўнасць у грамадстве, псіхічныя адхіленні канкрэтнага злачынцы. Смяротнае пакаранне ніяк не можа ўплываць на названыя прычыны.

Аргумент №4: Непразрыстаць працэдуры, пакуты сваякоў

Згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам Беларусі, блізкія і сям'я пакаранага пазбаўлены магчымасці пахаваць роднага чалавека і потым наведваць яго магілу — целы пасля смяротнага пакарання родным не выдаюцца, і месца пахавання не паведамляецца. У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына смерці» ставяць прочырк.

Дата растрэлу таксама загадзя невядомая. Ні самаму асуджанаму, ні яго блізкім.

Аргумент №5: Забойства палітычных апанентаў

Згодна са сведчаннямі Алега Алкаева, былога кіраўніка СІЗА №1, па загадзе міністра ўнутраных спраў у 1999 годзе ён выдаваў Дзмітрыю Паўлічэнку спецыльяны пісталет для выканання смяротнага пакарання. Але ў тыя ж даты зніклі без звестак Анатоль Красоўскі, Юрый Захаранка і Віктар Ганчар. Алкаеў выказаў здагадку, што з таго пісталету маглі быць забітыя гэтыя выбітныя беларусы.

Таксама ўзгадаем, што ў 2021 годзе беларускія ўлады дадалі новыя падставы для вынясення смяротных прысудаў. Так, цяпер можна быць асуджанымі да смерці за «замах на тэрарызм», то бок нават пры адсутнасці пацярпелых. Мяркуючы па таму, як кваліфікуюцца пракурорамі ды суддзямі дзеянні пратэстна настроеных беларусаў, ствараецца рызыка таго што за пратэстныя дзеянні будуць не толькі адпраўляць на годы ў калоніі, але ж і растрэльваць. Як мінімум як меру запалохвання афіцыйныя органы ўжо гэта выкарыстоўваюць, напрыклад сцвярждаючы, што можа пагражаць смяротнае пакаранне «партызанам», якія замахваліся на чыгуначную інфраструктуру (і такім чынам спрабавалі прадухіліць перакідку расейскай вайсковай тэхнікі і ўзбраенняў ва Украіну).

Больш пра праблему смяротнага пакарання чытайце на адмысловай старонцы «Вясны»: https://dp.spring96.org/
Made on
Tilda