Судовыя паседжанні

Папулярную тыкток-блогерку з Лунінца асудзілі па палітычнай справе

Алена Хартановіч. Крыніца фота: Вконтакте
Гаворка пра Алену Хартановіч. 5 снежня 2025 яе дадалі ў «спіс экстрэмістаў» (туды ўлады дадаюць людзей, якіх рэпрэсавалі па крымінальных справах).

На імя жанчыны звярнула ўвагу Наша Ніва. Выданне піша, што блог Хартановіч меў больш падпісантаў, чым ёсць жыхароў у Лунінцы. Хартановіч «стала сапраўднай мясцовай зоркай, дзякуючы свайму добраму сэрцу: у блогу жанчына публікавала сотні відэа пра выратаванне бяздомных жывёлін, яна лячыла катоў і сабак з вуліцы, шукала ім дом і дзялілася кранальнымі гісторыямі са сваімі падпісчыкамі».

Са спісу вынікае, што жанчыне закідвалі «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (гэта магла быць перадача інфармацыя незалежным медыя альбо ў «Беларускі Гаюн»). Справу Хартановіч разглядзеў Берасцейскі абласны суд.

Гэта ўжо дзявяты чалавек з Лунінецкага раёну, якога ў 2025 годзе асудзілі па палітычнай крымінальнай справе. Нядаўна мы пісалі пра іншых васьмёра (і шмат пра каго напісалі ўпершыню).
Made on
Tilda