Навіны

Жыхара Пінска з інваліднасцю пасля затрымання з ІЧУ забрала хуткая дапамога

Да яго прыйшоў ГУБАЗіК праз рэпост антываеннага допісу — паведамляе «Позірк»

На калажы: Мікалай Клімовіч (крыніца яго фота: сацсеткі)

61-гадовы пінчук Мікалай Клімовіч распавёў выданню «Позірк», што яго напярэдадні затрымаў ГУБАЗіК. Падставай стаў допіс ў "Аднакласніках" ад 13 снежня 2022, дзе Пуцін быў у эсэсаўскай форме, а за ім была свастыка. На малюнку быў тэкст:
"Фашысты — гэта тыя людзі, хто нападае на чужыя краіны, а не тыя, хто абараняе сваю радзіму".

З Клімовічам, які перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы, тры разы запісвалі "пакаяннае" відэа, а пасля вазілі з аднаго ўчастка ў другі. Праз пагаршэнне стану ён прасіў выклікаць хуткую дапамогу, але пагадзіліся толькі супрацоўнікі ІЧУ.

"Урачы ў ІЧУ зрабілі мне ўкол і завезлі ў лякарню, дзе мне надалі першую дапамогу. Сказалі: інакш мог бы да раніцы і не дажыць", — патлумачыў Клімовіч.

З лякарні яго адпусцілі дадому з абавязкам прыйсці на суд 23 снежня. Жыхара Пінска абвінавачваюць у распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў".

"Яны не павінны былі затрымліваць інваліда другой групы, абіраць захадам забеспячэння адміністрацыйнага працэсу знаходжанне пад вартай", — пракаментаваў "Позірку" гэты выпадак пінскі праваабаронца Алесь Рамановіч.
Made on
Tilda