Навіны

«Вясна/Правы чалавека ў Беларусi» прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем»

Што рабіць чытачам? А тым, хто звяртаецца па дапамогу? Распавядаем
23 жніўня 2023 зранку спачатку блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал, а затым МУС у каментары агенцтву БелТА паведамілі:
«Група грамадзян, аб'яднаная пад назвай "Вясна/Правы чалавека ў Беларусi", прызнана экстрэмісцкім фармаваннем. Дзейнасць групы і звязаных з ёй больш чым 30 рэсурсаў забаронена на тэрыторыі Беларусі».
Адпаведных змен у «спісе экстрэмісцкіх фармаванняў», які публікуецца на сайце МУС, па стане на 21:00 23 жніўня 2023 няма. Так што зразумець, што дакладна забаранілі, пакуль што не ўяўляецца магчымым. Бо, напрыклад, гомельскую «Вясну» нядаўна прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем» асобнай пастановай КДБ.

Прычынай таго, што «Вясна/Правы чалавека ў Беларусi» набылf статус «экстрэмісцкага фармавання», прадстаўнік МУС назваў тое, што «Вясна» нібыта займаецца «арганізацыяй дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыяй і абразай службовых асоб».

Што гэта значыць для «Вясны»? А для яе чытачоў? А для тых, хто звяртаецца па кансультацыі ў арганізацыю (ці атрымлівае іншую дапамогу)?

Коратка: чытаць можна (але з Беларусі асцярожна). Раім не рабіць лайкі, рэпосты, калі вы ў Беларусі. Звяртацца ў «Вясну» па дапамогу ўсё яшчэ можна.
Паколькі можна падазраваць, што беларускія ўлады могуць вельмі шырока трактаваць сваё заканадаўства ды адвольна прымяняць заканадаўчыя нормы, то можна лічыць, што ўлады хацелі б цалкам забараніць узаемадзеянне людзей з праваабаронцамі «Вясны». (Пакінем за дужкамі той факт, што праваабарончая дзейнасць не мусіць з'яўляцца злачынствам ні ў адной краіне, як і атрыманне дапамогі ад праваабаронцаў).

Але пасля 2020 году ў Беларусі шмат якія незалежныя медыя былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» — ды, тым не менш, працягваюць сваю працу. Хаця супрацоўнікам гэтых медыя (а цяпер і «Вясне») пагражае ў Беларусі арт.361-1 Крымінальнага кодэксу (Стварэнне альбо ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні).

З досведу тых жа медыя мы ведаем, што чытаць іх можна. За рэпосты, часам за «лайкі» і «захоўванне з мэтай распаўсюды» караюць не па крымінальных артыкулах, а па ч.2 арт.19.11 КоАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Гэты артыкул прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых (370 — 1110 рублёў) альбо арышт да 15 содняў (дадаткова, незалежна ад віда пакарання, можа быць канфіскаваны тэлефон «як сродак здзяйснення злачынства»).

А вось даваць інтэрв'ю медыя, калі яно ўжо трапіла ў «спіс экстрэмісцкіх фармаванняў», пракуроры ды суддзі лічаць «садзейнічаннем экстрэміскай дзейнасці», арт.361-4 Крымінальнага кодэксу. Гэты артыкул прадугледжвае абмежаванне волі («хімія» ці «хатняя хімія») на тэрмін да 4 год, альбо пазбаўленне волі (калонія) ад 2 да 6 год. Менавіта так была асуджана Дар'я Лосік за інтэрв'ю «Белсату» да 2 год калоніі.

Яшчэ ў заканадаўстве ёсць артыкул за «фінансаванне экстрэмісцкіх фармаванняў», арт.361-2 КК. За данаты на карысць «Вясны», зробленыя раней, можна было б не хвалявацца ў прававой дзяржаве. Але ж у прававой дзяржаве прытрымліваюцца прынцыпу таго, што нельга караць за тое, што на момант здзяйснення не было крыміналізавана. Гэты прынцып прапісаны ў беларускай Канстытуцыі, глядзі артыкул 104 (Закон не мае зваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае або адмяняе адказнасць грамадзян). Нажаль, у Беларусі пасля 2020 году гэты прынцып парушаецца, і могуць судзіць за данаты, якія рабіліся на момант, калі нейкая ініцыятыва не была «экстрэмісцкім фармаваннем».

Што жа тычыцца тых, хто звяртаецца ў «Вясну» для атрымання дапамогі (юрыдычнай, іншай дапамогі). Гэта наўрад ці можна палічыць «садзейнічаннем» (арт.361-4 КК), бо паняцце «садзейнічанне» значыць «дапамагаць». То бок гэта вы мусілі б дапамагаць «Вясне», а не наадварот. Так што звароты ў «Вясну» па дапамогу не мусяць лічыцца злачынствам.

Беражыце сябе. Ўлады хочуць пакінуць без дапамогі тых, хто церпіць ад рэпрэсій, пакінуць людзей сам-насам. Мы не збіраемся гэтага дапусціць.

Made on
Tilda