Навіны

Коміка з Пінска змясцілі ў СІЗА ў Беларусі

Раней яго затрымалі ў Расеі
Крыніца фота: media-polesye.com
Васіль Краўчук быў экстрадаваны з Расеі ў Беларусь, і ўжо знаходзіцца ў СІЗА. Пра гэта даведаліся праваабаронцы «Вясны».

Краўчука затрымалі 16 кастрычніка 2025 ў Санкт-Пецярбургу (Расея) з-за таго, што беларускія ўлады падалі яго ў міжнародны вышук. Падставай для вышука стаў палітычны прысуд (комік пакінуў інтэрнэт-каментар пра супрацоўніцу міліцыі, дзе выкарастаў жарт з КВЗ — Клубу Вясёлых і Знаходлівых).

Асуджаны за тое, што не мусіць лічыцца злачынствам

Артыкул «Абраза прадстаўніка ўлады» (па якой вынеслі прысуд Краўчуку) ўвогуле не мусіць прысутнічаць у беларускім крымінальным кодэксе.

Агульнапрыняты падыход з пункту гледжання правоў чалавека наступны: грамадзяне мусяць мець магчымасць крытыкаваць улады, а магчымыя выпадкі абразы павінны разглядацца грамадзянскім судом (то бок чалавек, калі палічыў што мела месца страшная абраза, мусіць самастойна звяртацца ў суд, і ў выпадку перамогі атрымае грашовую кампенсацыю — а не «крыўдзіцель» атрымае крымінальны тэрмін).

Аднак у выпадку супрацоўнікаў міліцыі падыход мае быць яшчэ больш лаяльным. Як бачна па высновах рашэнняў ЕСПЧ (Еўрапейскага суда па правах чалавека): «супрацоўнікі праваахоўных ворганаў мусяць паказваць асабліва высокую цярпімасць да крыўдных выказванняў у свой бок, калі толькі гэткія выказванні не могуць справакаваць непазбежныя супрацьпраўныя дзеянні і рэальную небяспеку ў адносінах да іх».
Made on
Tilda