Навіны

Апошняя партыя вызваленых палітвязняў на паперах беглыя?

Сузаснавальнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша распавёў аб той дапамозе, якую асацыяцыя аказала палітвязням, дэпартаваным з Беларусі 13 снежня 2025. Гэта сустрэча палітвязняў у Польшчы і размяшчэнне валанцёрамі палітвязняў па новых месцах пражывання на ўласных аўто, набыццё праяздных квіткоў на 3 месяцы для тых, хто застанецца ў Варшаве. Зроблена ўсё ў рамках магчымасцяў арганізацыі.

Але ёсць адно вельмі цікавае пытанне, якое не дае спакою палітвязням: які іх статус. Як распавядае Кулеша, дэпартаваныя не атрымалі даведак пра вызваленне. І па паперах, яны са сваіх зон вывезены ў СІЗА КДБ, а далей нібы зніклі. І ўжо да іх сваякоў прыходзяць міліцыянты і спецслужбы і іх нібыта шукаюць. Шукаюць так, нібы дэпартаваныя ўчорашнія палітвязні самі проста збеглі з зон.

Самі палітвязні гавораць, што не могуць даўмецца, што б гэта азначала.

Пакуль толькі можна гадаць: ці то, каб адрэзаць вяртанне на радзіму насільна выдвараных з Радзімы ні ў чым не вінаватых людзей, ці то, каб у будучыні Лукашэнка пазбег кляйма гандляра людзьмі ў 21 веку з усімі адсюль выцякаючымі.
2025-12-30 10:05