Навіны

Кантроль за «экстрэмістамі» ўзмацнілі

Ілюстратыўнае фота
Як стала вядома берасцейскай «Вясне» ад сваіх крыніц, у берасцейскім рэгіёне міліцыянты сталі па некалькі разоў на дзень, не зважаючы на час, правяраць «нядобранадзейных». Як аказалася, ўзмоцнены кантроль звязаны з выбарамі. З тымі, каму ўлада не давярае з 2020 году, праводзяцца гутаркі наконт таго, як трэба сябе паводзіць, каб ізноў не загрымець за краты. Задаюцца пытанні, ці пойдуць «падкантрольныя» на выбары і за каго збіраюцца галасаваць. Бывае, празрыстымі намёкамі даюць зразумець, што трэба аддаць голас «самі ведаеце за каго, каб Беларусь і надалей жыла ў дабрабыце і спакою».

Як паведамляюць людзі, якія знаходзяцца пад прывентыўным наглядам, міліцыянты так шчыра носяцца з праверкамі да вызваленых з турмаў і калоній палітычна нядобранадзейных, што больш нічым не паспяваюць заняцца, па словах некаторых правяраючых.

Тыя, каго так шчыльна і назойліва пачалі ў перадвыбарчы час кантраляваць, павінны ведаць свае правы. Па словах юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна» Алега Мацкевіча, ў адпаведнасці з нормамі Крымінальнага кодэксу суд пры ўстанаўленні прэвентыўнага нагляду або пры яго ажыццяўленні можа абавязаць асобу, за якой устаноўлены прэвентыўны нагляд, не пакідаць сваё жыллё ў пэўны час сутак. Калі такое патрабаванне ёсць ва ўмовах прэвентыўнага нагляду, яго трэба датрымлівацца і мець на ўвазе, што супрацоўнікі міліцыі надзелены паўнамоцтвамі па праверцы яго выканання. Для гэта яны могуць наведаць жыллё падапечнай асобы нават у начны час (арт.25 Закона «Аб ворганах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»).

Апрача прэвентыўнага нагляду за пэўнымі катэгорыямі былых асуджаных цягам пэўнага часу ажыццяўляецца прафілактычнае назіранне. Але ў гэткім выпадку на грамадзяніна не можа быць ускладзена патрабаванне не пакідаць сваё жыллё ў пэўны час сутак, і, адпаведна, супрацоўнікі міліцыі не маюць права на так званыя начныя візіты.

Калі грамадзянін лічыць, што яго правы парушаны пры ажыццяўленні прэвентыўнага нагляду або прафілактычнага назірання супрацоўнікамі міліцыі (напрыклад, яны дзейнічалі без абгрунтавання або перавысілі паўнамоцтвы), ён мае права абскардзіць іх дзеянні ў судзе, пракуратуры або праз зварот у органы ўнутраных спраў.
Made on
Tilda