Навіны

Былы палітвязень з Ляхавічаў піша кнігу пра сучасны беларускі ГУЛАГ

Генадзь Смірноў
Экс-палітвязень Генадзь Смірноў, які вымушаны быў з'ехаць з сынам (таксама экс-палітвязнем) у Польшчу, піша аўтабіяграфічную кнігу пад назвай «Мой архіпелаг БЕЛАГ». Тэкст пакуль напісаны на рускай мове, але спадар Генадзь ужо перакладае яе на беларускую. У кнізе 12 частак. Змест кнігі раскажа чытачу пра сітуацыю ў Ляхавічах перад выбарамі 2020 года, пад час выбараў і пасля. Смірноў вырашыў расказаць пра свае пакуты пасля арышту і пад час адсідкі ў шклоўскай калоніі №17, у якой забілі актывіста палітвязня Вітольда Ашурка 4 гады таму. Генадзя Смірнова катавалі, трымалі ў рэжыме інкамунікада, ён аб'яўляў сухую галадоўку, моцна схуднеў. У ШІЗА і ПКТ правёў больш сямі месяцаў. Чытач зможа даведацца з першых вуснаў гісторыю пра карнікаў і іх ахвяр.

Генадзь Смірноў быў асуджаны ў 2021 годзе да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі. Яго затрымалі разам з сынам за распаўсюд лістовак з крытыкай на адрас Лукашэнкі. Смірноў — чалавек з моцным пачуццём справядлівасці, не мог стаяць у баку і маўчаць. Ён ўвесь час быў супраць рэжыму Лукашэнкі: «Я ўвесь час сваім дзецям гаварыў, што мы жывем у вялікай турме, на вокнах кратаў няма, але і свабоды няма таксама», — кажа аўтар будучай кнігі «Мой архіпелаг БЕЛАГ».
Made on
Tilda