Навіны

Беларусы Варшавы выходзяць на акцыі ў падтрымку палітвязняў

І супраць гандлю Еўразвязу з Расеяй і Беларуссю
Варшава, 6 красавіка 2024. Тут і далей фота берасцейскай «Вясны»
6 і 7 красавіка 2024 года ў Варшаве прайшлі акцыі на Замкавай плошчы і ля помніка Каперніку.

На Замковай плашчы 6 красавіка правялі «Міжнародны кірмаш генацыду» актывісты Еўрамайдану. Да іх далучыліся беларусы — удзельнікі акцыі «Ультыматум Лукашэнку». Асноўны лозунг акцыі — спыненне гандлю ЕЗ з Расіяй і Беларуссю. Паводле беларускіх удзельнікаў акцыі, ў беларусаў і ўкраінцаў адзін вораг і адзіная барацьба: спыніць расійскага агрэсара і яго саўдзельніка Лукашэнку і гандаль з імі, вызваліць з турмаў палітвязняў. Удзельнік акцыі, прадстаўнік «Нацыянальна-дэмакратычнай платформы» Анатоль Фёдараў кажа, што без спынення гандлю, пра ніякія санкцыі не можа быць і размовы. Спыненне гандлю, на думку ўдзельнікаў акцыі, стане дзейсным ключом для вызвалення беларускіх палітвязняў. На акцыі працягнуўся збор подпісаў пад петыцыяй да органаў польскай улады наконт гэтага пытання. Прынята рашэнне праз тыдзень правесці яшчэ адну акцыю «Ультыматум Лукашэнку» у Варшаве. А затым ёсць дамоўленасць з украінцамі перанесці акцыі на польска-беларускую мяжу. Тым часам да пытання вызвалення беларускіх палітвязняў праз спыненне гандлю далучылася 36 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, у тым ліку Святлана Алексіевіч.
Варшава, 7 красавіка 2024
Акцыя ля помніка Каперніку 7 красавіка была прысвечана пытанню спынення нефармальнага ўдзелу Беларусі ў вайне Расіі з Украінай і спыненню грамадзянскай вайны ўнутры краіны супраць грамадзян Беларусі. Людзі выйшлі, каб задаць нязручныя пытанні беларускім уладам і расказаць ўсяму свету пра злачынствы, што адбываюцца ў Беларусі штодня і не спыняюцца ўжо амаль 4 гады.
Made on
Tilda