Навіны

За 2 тыдні 2 чалавек з Берасцейскай вобласці абвясцілі «тэрарыстамі»

Гэта несапраўдныя тэрарысты
15 верасня 2026 года КДБ абнавіў «тэрарыстычны спіс». Туда дадалі 4 беларусаў. Сярод іх адзін звязаны з Берасцейскай вобласцю: гэта Арцём Меркель з Баранавічаў.

А 4 верасня КДБ дадаў у той жа спіс Андрэя Шэйку.

Пра Шэйку мы высветлілі, што ён з Драгічынскага раёна. У сваіх сацсетках мужчына пазначаў, што працуе на СПК у Ліпніках (гэта сельскагаспадарчае прадпрыемства ля Драгічына). Мужчыну таксама дадалі ў «спіс экстрэмістаў», дзе пазначана, што яго асудзіў Менгарсуд па арт.130 ды арт.361 КК («Распальванне варожасці» ды «Заклікі да санкцый» адпаведна). Гэтыя артыкулы ў сучаснай Беларусі выкарыстоўваюць для пакарання за крытычныя інтэрнэт-каментары пра ўладу (і там, дзе насамрэч няма ані «распальвання варожасці», а ні «заклікаў да шкоды Рэспубліцы Беларусь»). Але ж менавіта гэты прысуд пазначылі кадэбісты як нагоду абвясціць Шэйку гучным словам «тэрарыст».
А Арцём Меркель быў асуджаны за пратэсты. Нават не за «масавыя беспарадкі», а нібы «падрыхтоўку» да іх — гэта вынікае са спісу «экстрэмістаў», куды Меркеля таксама дадалі. Як менавіта выглядала гэтая «падрыхтоўка», і ці была яна ўвогуле, на дадзены момант праваабаронцам невядома. Адметна, што хаця месца прапіскі Меркеля ў Баранавічах, судзіў яго Маскоўскі суд Берасця (відаць, менавіта за берасцейскія пратэсты вынеслі вырак мужчыне). І менавіта з-за гэтага прысуду Меркель атрымаў ад КДБ званне ажно «тэрарыста».
Нагадаем, што беларускія ўлады прыкрываюцца барацьбой з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам» для ажыццяўлення рэпрэсій.
Для палітвязняў са «спісу тэрарыстаў» дзейнічаюць дадатковыя абмежаванні: ім нельга папаўняць рахунак у СІЗА (гэта забаронена і грашовы перавод проста не прымуць). Па вызваленні людзі з «тэрарыстычнага спісу» таксама сутыкаюцца з абмежаваннямі (напрыклад, не могуць уладкавацца на працу, паколькі банкі адмаўляюцца адкрыць зарплатны рахунак).

Чытайце таксама:

Сутыкнуліся з парушэннем правоў?
Пішыце нам. Гэта бясплатна, бяспечна, ананімна
2026-09-15 21:38